Сустрэчы са Святланай Алексіевіч, з прадстаўнікамі апазіцыі ды грамадскае супольнасці, дэпутатамі парламенту і міністрамі дзяржаўных ведамстваў. Цягам чатырох дзён новаабраныя сябры бюро Еўрапарламенту ў справах Беларусі маюць азнаёміцца з асноўнымі аспектамі дачыненняў.
«Мы вельмі клапоцімся пра тое, што бачым, пра палітычную сітуацыю ў краіне. Мы чакаем, што сітуацыя палепшыцца і стане больш аптымістычная ў дачыненні палітычных свабодаў. І мы чулі пра апошнія парламенцкія выбары: яны не прайшлі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі», – адзначыла другая віцэ-старшыня дэлегацыі Еўрапарламенту, Карын Карлсбра.
Што праўда, цяпер сталы дакладчык аб Беларусі бачыць сітуацыю не гэтак востра, як у часе мінулай кадэнцыі. Маўляў, палітычных канкурэнтаў не змяшчаюць у турмы, а з 2016-га ў краіне няма палітвязняў. Пра сёлетнія ж прысуды анархістам Мікіту Емяльянаву ды Івану Комару, якіх беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі, у Еўрапарламенце і не чулі.
«Натуральна, ёсць праблемы, і мы пра іх кажам, аднак яны настолькі далікатныя, што лепш іх абмяркоўваць не праз медыі, а ў зале паседжанняў», – мяркуе першы віцэ-старшыня дэлегацыі Еўрапарламенту, Вальдэмар Тамашэўскі.
Адзначылі еўрадэпутаты павелічэнне адміністратыўных прысудаў для актывістаў, а таксама шырокае ўжыванне гэтак званага антынаркатычнага артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу ў дачыненні падлеткаў. Агулам паляпшэнні еўрапейцы бачаць, але дачыненні Брусель – Менск практычна стаяць на месцы.
«Усе гэтыя дасягненні, што ідуць, самыя галоўныя – гэта падпісанне візавага пагаднення, яно ўжо даўно абмяркоўвалася, і гэта, хутчэй, доўгачаканая з’ява. У астатнім кантакты на даволі высокім узроўні, яны адбываліся і раней», – лічыць Андрэй Ягораў, аналітык цэнтру «Еўрапейская трансфармацыя».
Яшчэ адзін важны аспект візіту дэлегацыі – Астравецкая АЭС. Беларусь усё ж зможа разлічваць на падпісанне прыярытэтаў партнёрства, бо МЗС Беларусі і Літвы дамовіліся на фармат кансультацыяў адносна атамнай электрастанцыі, мяркуе Андрэй Ягораў.
«Гэта было асноўнаю перашкодаю для пазіцыі Літвы адносна прыярытэтаў партнёрства, то можна чакаць, што нешта ў гэтым плане зрушыцца. Можа быць, будзе падпісаны гэты дакумент. І калі ён будзе падпісаны, гэта адкрые дарогу для перамоваў з ЕЗ аб падпісанні нармальнага двухбаковага пагаднення», – дадае Андрэй Ягораў, аналітык цэнтру «Еўрапейская трансфармацыя».
Пасля нядаўняга візіту прадстаўнікоў сакратарыяту амерыканскага Сенату ў нашую краіну ЗША ўсталявалі наўпроставы кантакт з парламентам Беларусі. Афіцыйных жа працоўных дачыненняў паміж Еўрапарламентам і беларускаю Палатаю прадстаўнікоў усцяж няма.
Юлія Лабанава, «Белсат»