Элітны мікрараён замест папулярнага месца адпачынку летам


Паміж Воршай і Баранню з’явіцца… новы мікрараён! Здавалася б, чаму не? Дамы – гэта заўжды запатрабаванае і своечасовае ўкладанне для людзей. Аднак мясцовыя жыхары і грамадскія актывісты крытычна ставяцца да чарговага праекту ўладаў.

Шчацінкаўскае возера паміж Воршай і Баранню! У старадаўні час побач з ім праходзіў вялікі гандлёвы шлях, потым навакольнымі сцежкамі блукаў Напалеон. Цяпер жа мясцовыя называюць мясціну проста – Карʼер. І хвалююцца за лёс папулярнага месца летняга адпачынку.

«Паглядзіце, якія краявіды за маёй спінаю. Вельмі прыгожая тэрыторыя. Адсюль відаць усё наваколле. Аднак замест агляднай пляцоўкі тут пабудавалі прыбіральню».

А замест добраўпарадкавання тэрыторыі каля возера мясцовыя ўлады не без дырэктывы зверху пастанавілі пабудаваць новы мікрараён. Чатырохпалосная дарога, 156 элітных дамоў і гандлёвы цэнтр! Актывісты бʼюць трывогу – маўляў, гэта прывядзе да забруджання тэрыторыі, вынішчэння дрэваў ды, як вынік, разбурэння ландшафту.

«Нашая, бараньская прапанова, была ў тым, каб не забудоўваць крайнюю да рэчкі вуліцу, захаваць там зялёную паласу, стварыць лесапаркавую зону для будучыні людзей», – кажа Віктар Міхасёў, грамадскі актывіст з Барані.

Пакуль прапановы не прынялІ – нягледзячы на тое, што працягваецца грамадскае абмеркаванне праекту. Падчас яго ніводзін жыхар публічна не падтрымаў афіцыйнага плану.

«Я супраць».

«Усе, хто хацеў пабудавацца, ужо пабудаваліся. Прытоку сюды не будзе, бо тут няма працы».

«Тут па беразе ракі ідзе высакавольтная лінія. А побач з высакавольтнай лініяй вельмі небяспечна будаваць дамкі».

Аднак разам з гэтым людзі сумняюцца, што да іх нехта прыслухаецца.

«Адкрылі тут гэтую кацельню – ТЭЦ. Як зіма – снег чорны! Я, сардэчніца, задыхаючыся іду на працу. Таму мы запомнілі, што нашае меркаванне нікога не цікавіць».

Сцяпан Святлоў, «Белсат»