Эксперты падлічылі, у колькі беларусам абыходзіцца бітва за ўраджай


Поўнаю хадою ідзе бітва за ўраджай або за лічбы… Кіраўнік краіны загадвае, колькі зерня сабраць. Падлічылі і мы разам з экспертамі, у колькі нам абыходзіцца ўраджай, зарабляем мы на дзяржаўнай сельскай гаспадарцы ці трацім?

7 мільёнаў тонаў зерня – такі ўраджай, паводле Аляксандра Лукашэнкі, мусяць сабраць беларускія сяляне. Гэта на мільён тонаў менш, чым пазалетась, але на мільён тонаў больш, чым у неўрадлівым мінулым годзе.

«Я паклаў план. У кіраўніка адміністрацыі гэта на кантролі. Жорстка будзем кантраляваць!» – распараджаецца кіраўнік Беларусі.

Летась нашая краіна прадала харчоў на 5 мільярдаў долараў. Асноўны экспартны тавар, праўда, не хлеб, а малако. Выручка ад яго склала 2 мільярды. Але калі палічыць выдаткі, то можа аказацца, што нашая краіна траціць больш, чым зарабляе.

«І Мясніковіч, і Міністэрства сельскай гаспадаркі казалі, што гэты сектар у апошнія 10 гадоў атрымаў 50 мільярдаў долараў субсідыяў у той ці іншай форме. Гэта і прамыя датацыі, і фінансаванне працэнтных ставак. Гэта ільготныя цэны на калійныя ўгнаенні. Гэта субсідыі на набыццё сельскагаспадарчай тэхнікі», – кажа Яраслаў Раманчук, даследчы цэнтр Мізэса.

Пяць гадоў таму бюджэт нашых аграрыяў складаў 750 мільёнаў долараў. На вёску ўрад выдаткоўваў больш, чым на адукацыю, медыцыну і нават абарону. Пасля крызісу 2015 года бюджэт АПК скараціўся ўтрая. А плынь крэдытаў перасохла нават раней. Ад 2010 да 2016-га грошай стала ў 7 разоў менш.

Прычына беднасці калгасаў – не адсутнасць дзяржаўных грошай, а адсутнасць гаспадара – перакананы эканаміст, адмыслоўца ў сельскай гаспадарцы Пётр Мігурскі:

«Калі ў Беларусі палова цялятаў ідзе ў адходы, калі Беларусь толькі за год губляе 50 тысячаў тонаў мяса з-за таго, што не збераглі цялятаў, то якая можа быць зарплата?!»

Два гады таму кожнае чацвёртае дзяржпрадпрыемства аграсектару было стратнае. Тады ўрад паабяцаў «паставіць іх на ногі» да канца 2019-га.

«У нас была практыка «прышпільвання» калгасаў да Нацыянальнага банку, да розных прадпрыемстваў. Яна скончылася трагічна. Таму, што калі да цябе прышпільваюць тое, што ты не можаш выкарыстаць, – гэта чамадан без ручкі», – тлумачыць Яраслаў Раманчук.

Прыватная ўласнасць на зямлю, прыватызацыя калгасаў, роўныя ўмовы для калгасаў і фермераў – такія рашэнні, на думку Яраслава Раманчука ды Пятра Мігурскага, дазволілі б сялянам зарабляць самастойна.

«Ва ўсім свеце, там, дзе прыватная ўласнасць на зямлю, там перавытворчасць прадукцыі. У нас жа – барацьба за ўраджай!» – абураецца Пётр Мігурскі, адмыслоўца ў сельскай гаспадарцы.

Пакуль улады змагаюцца за ўраджай, сярэдні заробак у аграсектары застаецца на траціну меншым, чым увогуле ў краіне, а маладыя з’язджаюць у гарады. За 20 гадоў вясковае насельніцтва Беларусі скарацілася на 40 адсоткаў.

Аляксандр Папко, belsat.eu