Найвышэйшыя тэмпы росту за сем гадоў паказвае сусветная эканоміка. Глабальныя біржавыя індэксы падняліся на мінулым тыдні да рэкорднай вышыні за ўсю гісторыю.
У скароце кажучы, Захад, прынамсі часова, урэгуляваў свой крызіс з запазычанасцю і пачаў больш спажываць. Гэта вылілася ў рост высокатэхналагічнага экспарту туды з Кітаю і сыравіннага – з Расеі ды іншых развіваных краін. Дзякуючы аднаўленню глабальных рынкаў павялічваецца сёлета і беларускі экспарт. Штопраўда, ад сусветных паказнікаў айчынная эканоміка адстае ў разы. У развіваных краінах, да якіх належыць і нашая, эканамічны рост сёлета чакаецца на ўзроўні 4 %. У
Беларусі афіцыйная статыстыка канстатуе за паўгады ўсяго 1 % росту ВУП, то бок у межах статыстычнай памылкі.
Адставанне ў эканамічным росце азначае, што нашую краіну працягваюць выцясняць з сусветных рынкаў, у прыватнасці – з расейскага. Гэтак экспарт беларускіх цяжкавікоў у Расею павялічыўся сёлета ў паўтара разу. Але, паводле долі на расейскім рынку Менскі аўтазавод скаціўся з 4-га месца летась – на 9-е сёлета.
«Адставанне Беларусі ад сусветнай эканомікі, ад развіваных краін і нават ад развітых краін сведчыць, што структура беларускай эканомікі застрала глыбока ў мінулым. І няма ніякай палітычнай волі яе мяняць», – падсумаваў эканаміст Вадзім Іосуб.
Адмыслоўцы тлумачаць – тое, што адбываецца цяпер – стандартная фаза г.зв. дзелавога цыклу. Пасля працяглага спаду эканоміка расце крыху хутчэй, а потым, каб не перагрэцца, зноў запавольваецца. Але тое, што для нашых суседзяў будзе запавольваннем, для Беларусі пагражае стаць чарговым правалам у рэцэсію.
Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum