«Дзіркі закрываем лінолеумам». Як жывецца ў стогадовым доме


У будынку пачатку 20 стагоддзя, што ў Барысаве на вуліцы Дзяржынскага, 81, – 13 жылых кватэраў. Хоць ён прыгожы звонку, усярэдзіне патрабуе капітальнага рамонту. Аконныя рамы прагнілі. Сцены, што сыплюцца на вачах, акуратныя жыльцы закрываюць дыванамі ды плакатамі.

«Знадворныя рамы патрабуюць замены цалкам у звязку з тым, што там ападкі, і яны цалкам разваліліся. Шкло неяк выпала туды вонкі, добра, што нікога не забіла».

«У мяне сырасць тут. Мой муж захварэў – памёр. Я наступная, адчуваю: будзе тое самае».

«Ходзім, і падлога скрыпіць. Падлога – такія дзіркі вялікія. Гэта мы лінолеумам закрылі, каб для дзяцей хаця б, а так – дзіркі ў падлозе», – распавядаюць жыльцы дому на вул. Дзяржынскага, 81.

Жыхары кажуць, што гадамі не могуць звярнуць увагі чыноўнікаў на праблемы свайго дому. А вось візіт нашай здымачнай групы адразу выклікаў інтарэс з боку адказных службаў.

«Вам добра на балансе трымаць гэты дом! Таму што ён стары, і вы спісваеце шалёныя грошы. А рамонту вы нам не робіце. Вось, пафарбавалі зверху, і ўсё!»

Паводле начальніка аддзелу капітальнага і бягучага рамонту ўнітарнага прадпрыемства «Жыллё» (менавіта яно адказвае за стан дому), 2 гады таму эксперты абследавалі будынак і пастанавілі: капітальнаму рамонту не падлягае. Дзмітрый Багданоўскі, УП «Жыллё»:

«Фізічны знос дому складае меней за 30 %. Нясучыя канструкцыі ў здавальняльным стане».

У дакументах тэхпашпарту, які паказваюць жыльцы, мы бачым іншую лічбу зносу будынку, і яна складае 67 адсоткаў. Дзмітрый Багданоўскі, УП «Жыллё»:

«Стан фасадаў здавальняльны, па даху скаргаў таксама няма. Там, дзе была скарга па кватэры, у рамках бягучага рамонту зацяканне даху ліквідаванае».

У межах рамонту таксама пафарбавалі знадворныя сцены і балясы, пераварылі 15 метраў трубы цэнтральнага ацяплення, замянілі праводку. Але ці дастаткова гэтага для стогадовага дому? У палове кватэраў гэтага гістарычнага будынку жывуць інваліды 1-й і 2-й групаў, у астатніх – сем’і з малымі дзеткамі, ёсць і шматдзетныя маці. І ўсе яны вымушаныя хадзіць сюды, у вулічныя прыбіральні, бо ў доме адсутнічае каналізацыя, як і іншыя неабходныя для нармальнага жыцця ўмовы: вентыляцыя ды вада.

Інвалід Алег Сляпуха прайшоў усе інстанцыі – ад мясцовага ЖЭСу да кіраўніцы Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай. Але ягоныя звароты трапілі ў бюракратычную карусель.

«Яна перадала мае паперы Шлыку Генадзю Іванавічу. Генадзь Іванавіч пераслаў на Менскую ЖКГ, з Менскай ЖКГ апусцілі яшчэ ніжэй. І напрыканцы прыйшоў да мяне «начальнік» УП «Жыллё» ці ЖКГ і сказаў: навошта ты пішаш, усё марна, нічога вам не будзе», – кажа Алег Сляпуха, жыхар дому.

Жыхары спадзяюцца, што матэрыял, які выйдзе на тэлебачанні, паўплывае на чыноўнікаў, і тыя прымуць рашэнне рассяліць людзей у лепшыя ўмовы. Бо калі на нашым канале выйшаў сюжэт з Барысава пра тое, куды не дабралася добраўпарадкаванне «Дажынак», у двары дому камунальныя службы неўзабаве прыбралі смецце.

Таццяна Уласенка belsat.eu