Дзень роднай мовы ў Менскім планетарыі


Менскі планетарый зладзіў адмысловую праграму да Дня роднае мовы. Адна з карцінаў – іспанскі мультфільм «Далёка ад сонца». Яго студыя «Render Area» падарыла планетарыю на два гады з умоваю, што паказы будуць толькі па-беларуску. Сёння ж у планетарыі – вечарына сучаснае паэзіі з вершамі пад зорным небам і нізка фільмаў з беларускім дубляжом.

Аляксандр Мікуліч, загадчык Менскага планетарыю: «Планетарый пачаў дубляваць фільмы на родную мову. Наш фільм «Мышаняты і Месяц», «Далёка ад Сонца», «Рознакаляровы сусвет», і сабралася такая добрая падборка, каб сёлета правесці Дзень роднай мовы».

Адзін з фільмаў для праграмы загучаў сёння па-беларуску, дзякуючы кампаніі «Кінаконг», якія бясплатна зрабілі дубляж «Рознакаляровага сусвету». Летась «Кінаконг» агучыў больш за 50 фільмаў для кінатэатраў і анлайн- платформаў.

Віталь Любянчук, менеджар кампаніі «Кінаконг»: «Беларускамоўныя праекты ёсць сэнс ствараць. Бо людзям гэта патрэбна. Самыя неверагодныя эмоцыі я адчуваю, калі мы паказваем у кінатэатры фільм, напаўняецца зала».

Аднак Міжнародны дзень роднае мовы – гэта не толькі нагода для цікавых імпрэзаў. Стан беларускае мовы ў Беларусі застаецца катастрафічным. Пасля рэферэндуму 1994 года, вынікам якога стала наданне расейскай мове статусу другой дзяржаўнай, колькасць навучэнцаў, якія праходзяць школьную праграму па-беларуску, скарацілася з сарака да адзінаццаці адсоткаў.

Алена Анісім, старшыня ТБМ: «Сёння нашая задача – дамагчыся ад Міністэрства адукацыі, каб яны, адкрываючы новыя школы, адкрывалі іх менавіта як установы з беларускай мовай навучання. Калі мы гэтага даможамся, значыць, палова справы будзе зробленая».

Ганна Севярынец, настаўніца: «Адзін з класаў нашай гімназіі прапанаваў настаўнікам займацца толькі па-беларуску. Гэта была іх асабістая ініцыятыва. Не ўсе настаўнікі адгукнуліся, бо цяжка з тэрміналогіяй. То бок з фізікам і матэматыкам яны не здолелі дамовіцца. А гісторыя выкладаецца па-беларуску, хоць у нас рускамоўная ўстанова».

У Таварыстве беларускай мовы імя Францішка Скарыны сёння ладзілі традыцыйную дыктоўку. Свае прывітанні перадалі беларускамоўныя дзеткі з-за мяжы. А ўдзельнікі распавялі, чаму абіраюць беларускую мову:

«Я настаўніца беларускай мовы. А чаму я абрала такую спецыяльнасць? Бо я народжаная тут».

«Я абіраю беларускую мову таму, што яна родная. Родная для зямлі, на якой я нарадзіўся, дзе жылі мае продкі».

«Адчуваю сябе больш шчаслівай, паляпшаецца настрой. Але калі да мяне звяртаюцца па-руску, то я не магу перайсці».

Дадаюць надзеі праекты, што людзі ладзяць сваймі намаганнямі. А самая чаканая падзея з нагоды Дня роднае мовы адбудзецца заўтра. У габе ОК а 13:00 пачнецца «Мова Фэст» – з гарачымі размовамі, музыкай, кўізамі, кірмашом і іншым. Калі не зможаце наведаць фэст уласна, глядзіце заўтра наш рэпартаж.

Марыя Грыц, «Белсат»