Дзень міліцыі: сумленныя працаўнікі vs злачынцы

103 гады таму расейскі рэвалюцыянер Міхаіл Фрунзе стаў часовым начальнікам баявых дружынаў рабочых у Менску. Тады ж ён напаў на імперскіх паліцыянтаў і захапіў паліцэйскую ўправу. Дзякуючы ўказу Лукашэнкі менавіта гэты дзень афіцыйна адзначаецца ў незалежнай Беларусі як Дзень міліцыі.

Ірына Львова закончыла юрыдычны факультэт БДУ і ў сярэдзіне 90-ых прыйшла працаваць следчай у міліцыю. «У мяне завостранае пачуццё справядлівасці», – тлумачыць падпалкоўнік юстыцыі Ірына Львова. Паступаючы на службу, мела рамантычныя ўяўленні аб МУС. Прыгожая і зладжаная праца, службовы транспарт, узаемадапамога. На практыцы ўсё аказалася больш празаічна.

«Наступаюць содні твайго дзяжурства, і ты не ведаеш, чым будзеш займацца. Гэта можа быць і хуліганства на вуліцы, гэта можа быць і разбойны напад, гэта і ДТЗ, і забойства, усё што заўгодна. Разумееце? І ва ўсім трэба разбірацца і пераключацца. А следчы – гэта супрацоўнік, які ідзе па следзе. То бок ты мусіш ставіць сябе на месца злачынцы, каб прапрацаваць гэтую сітуацыю», – узгадвае афіцэр запасу.

З 2012 да 2016 года Ірына Львова ўзначальвала Следчы камітэт у Гарадоцкім раёне. У 2014 была абʼяўленая «Чалавекам года Віцебшчыны» – за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў.

«Я сустракаю людзей, якіх прыцягвала [да адказнасці]. Ніхто з іх не сказаў, што незаконна, несправядліва, што я некага прынізіла, абразіла».

Ірына Львова дадае: міліцыя сапраўды дапамагае людзям у патрэбе. Згодная з ёй і частка апытаных намі магілёўцаў:

«Гэта вельмі адказная справа».

«Праца наогул прэстыжнай лічыцца».

«Цяжкая праца. Склад характару трэба мець, маральна цяжка».

«У нас сын працуе ў міліцыі. Вядома, мы з павагай адносімся».

Але не бракуе тых, хто мае зусім іншую думку:

«На дадзены момант даверу да міліцыі зусім няма. Палачная сістэма, людзей прыніжаюць, збіваюць».

«Міліцыя мне не падабаецца».

«Не заўсёды добра адношуся да гэтае прафесіі. Я б не стаў. Да таго ж, яна, бывае, мае пад сабой рабіць нейкія благія рэчы».

З гэтым пагаджаецца ветэран МУС, капітан запасу Уладзімір Няпомняшчых:

«Нашым гэтак званым прэзідэнтам створаная такая сістэма ўлады, таму што супрацоўнікі міліцыі цяпер не вядуць барацьбы са злачыннасцю, а займаюцца палітычным росшукам, пераследуюць тых, хто па-іншаму думае. (…) Улада павінная мяняцца пастаянна, як пампэрсы, тады і міліцыя будзе займацца сваймі справамі».

Летась у Беларусі змяніўся міністр унутраных справаў. Пераемнікам Ігара Шуневіча стаў Юрый Караеў. Але орган, нягледзячы на змену рыторыкі міністра, усё роўна застаўся карным – звяртае ўвагу блогер Сяргей Пятрухін («Народны рэпарцёр»):

«Каб нешта змянілася ў працы міліцыі, трэба, каб тыя, хто міліцыю дыскрэдытуе, былі з ганьбаю выгнаныя з працы».

Сёння ж былы міліцыянт Уладзімір Няпомняшчых склаў свае зычэнні з нагоды свята:

«Супрацоўнікам, годным супрацоўнікам я зычу прасоўвання на службе, поспехаў на службе, здароўя моцнага. Але я не зычу нічога добрага тым, хто ілжэсведчаць, фальсіфікуюць, падкідваюць. Гэтыя людзі – злачынцы».

Пры гэтым міліцыя адносіцца да такіх структураў, якія ўтрымліваюцца з бюджэту, а значыцца, з нашых з вамі падаткаў.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Глядзі таксама