Дзень, калі СССР уступіў у Другую сусветную


Дзень аб’яднання ці падзелу? 80 гадоў таму Савецкі Саюз атакаваў Польшчу, каб далучыць заходнія часткі Беларусі ды Украіны. У выніку жыхары Слоніму, Пінску ды Горадні страцілі прыватную маёмасць і значную частку грамадзянскіх свабодаў. Узамен атрымалі магчымасць жыць у Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы.

Сёння палякі ўзгадваюць сумную дату – 80 гадоў таму Чырвоная армія ўварвалася ў Польшчу. Праз афіцыйна прызнаную Рыжскаю дамовай мяжу, пад нагодаю абароны насельніцтва, пакуль на Захадзе наступалі гітлераўскія войскі. Усё паводле дамовы аб ненападзе паміж Нямеччынай і Савецкім Саюзам, больш вядомай, як пакт Молатава-Рыбэнтропа. Абедзве краіны засталіся агрэсарамі ў польскай гісторыі.

«Сотні тысячаў, мільёны палякаў пацярпелі, былі забітыя, вывезеныя ў Сібір, іх пераследавалі ды забівалі», – нагадаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас жалобнай цырымоніі ў Варшаве.

У Беларусі рэдка ўзгадваюць, што Берасцейская крэпасць абаранялася ад немцаў і ў 1939 годзе таксама. Захапіць яе з ходу не выйшла.

«80 гадоў таму гэтае месца было на вастрыі атакі 19 корпусу Гудэрыяна. Тут на працягу 3 дзён вайскоўцы Войска Польскага трымалі абарону», – паказвае берасцейскі краязнавец Іван Чайчыц.

Праз некалькі дзён захопленае немцамі Берасце перайшло Чырвонай арміі – паводле сакрэтнага пратаколу да пакту, дзе Гітлер і Сталін літаральна падзялілі мапу Польшчы.

Быў у Берасці і савецка-нямецкі парад 1939-га.

«За маёй спіной знаходзілася тумба, на якой стаяў камбрыг Крывашэін і генерал Гудэрыян. 2 духавых аркестры, нямецкіх і савецкіх войскаў. Што гэта было, парад ці ўрачыстая перадача гораду ад адных да іншых?» – паказвае Іван Чайчыц.

У Берасці немцы перадалі Саветам не толькі крэпасць, але і больш за тысячу палонных палякаў. Менавіта з польскіх афіцэраў пачалася зачыстка небяспечных для Сталіна элементаў – больш за 20 тысячаў вайскоўцаў і паліцыянтаў вывезлі на ўсход і расстралялі ў лясах і турмах Савецкага Саюзу.

У афіцыйнай гісторыі Беларусі гэты дзень лічыцца днём узʼяднання з заходняю часткай краіны. І тады, і потым савецкая прапаганда грала на пачуцці прыгнёту беларусаў і ўкраінцаў цытата «польскімі панамі», абяцала роўныя правы для ўсіх, паказвала радасць заходніх украінцаў і беларусаў.

«Лейтматыў усіх успамінаў – вельмі хуткае расчараванне. Чакалі сваіх, нашых – прыходзяць, але якія гэта нашыя? І гэта згадкі пра рэпрэсіі, аповеды пра страх, які пачаў панаваць», – ацэньвае сабраны архіў сведчанняў Алесь Смалянчук, доктар гістарычных навук.

Беларусы і палякі, каталікі і праваслаўныя, багатыя і бедныя – усе жыхары Заходняй Беларусі прайшлі праз савецкую зачыстку. Вядомыя дакументы на 120 тысячаў рэпрэсаваных, але маса людзей была забітая без суда і следства. Беларусь як БССР атрымала сённяшнія межы, але была знішчаная беларуская нацыянальная эліта. Таму ў гісторыкаў няма адназначнай ацэнкі тых падзеяў.

«З аднаго боку Беларусь узʼядналася, але пачалася Другая сусветная вайна для беларусаў… Так, узʼяднанне беларускіх земляў – добра, але гэта было ўз’яднанне ў межах сталінскага ГУЛАГу», – мяркуе Алесь Смалянчук.

Праз 80 гадоў Нямеччына просіць прабачэння за пакт Молатава-Рыбентропа і пачатак Другой сусветнай. Расея праз афіцыйных асобаў называе сакрэтны падзел Польшчы дасягненнем савецкай дыпламатыі.

Яраслаў Сцешык belsat.eu