Дзе ў Беларусі знайсці халяль, і чаму гэта варта ведаць не толькі мусульманам?


Са словаў галоўнага муфтыя Беларусі Абу Бекіра, у нашай краіне жывуць каля 30 тысяч мусульманаў. На Гомельшчыне іх – 3 тысячы. Усім гэтым людзям патрэбная халяльная ежа. Што такое халяль, і дзе яго знайсці?

Распавядае Давуд Амеры, мусульманін:

«Цяжка мне было ў Гомлі знайсці, у Менску знайсці. Па фермах хадзіў, прасіў кагосьці рэзаць нам, мусульманам, баранка. Гэта вельмі істотная праблема, таму што харчы – немагчыма адным рысам ці капустай пад’есці і пражыць».

Рэч у тым, што мусульмане ўжываюць толькі халяльную ежу. Каб мяса было халяльнае, трэба, каб пры забоі жывёла не пакутавала. Забой павінен ладзіць вернік. Не абавязкова мусульманін. А туша жывёлы павінная быць знякроўленая.

На Гомельшчыне такія харчы зʼявіліся ў 2013 годзе. Тады кіраўнік гомельскай мусульманскай грамады Сяргей Саранчук заснаваў прадпрыемства «Халяль».

Яно займаецца сертыфікацыяй прадпрыемстваў на адпаведнасць нормам шарыяту – маральнаму кодэксу ісламу. За шэсць гадоў працы халяльнымі прызналі 26 прадпрыемстваў па ўсёй Беларусі. Дырэктар «Халялю» кажа: атрыманне сертыфікату цікава для прадпрыемстваў і як магчымасць выхаду на замежныя рынкі.

Сяргей Саранчук, дырэктар прадпрыемства «Халяль»:

«Рынкі Казахстану, рынкі Узбекістану, Сярэдняя Азія, Блізкі Усход, Афрыка, Паўднёвая Амерыка. У канечным выніку ў нас ёсць нават досвед прадпрыемстваў, якія атрымліваюць сертыфікат «Халяль», бо гэта патрабаванне іхных пакупнікоў з Еўропы. Еўропа таксама арыентуецца, сёння там даволі шмат жыве мусульманаў».

Сярод іншых сертыфікацыю атрымаў Гомельскі мясакамбінат. Гэта развязала праблему з мясам у вобласці, але засталіся пытанні з каўбасамі, сасіскамі ды слодыччу. Распавядае Аляксей, памочнік імама:

«Калі бярэш кандытарскія тавары, трэба пачытаць склад. Каб там не было жэлаціну, старацца, каб не было маргарыну, і дадаткі Е120, бо Е120 робіцца з насякомых. У ісламе забаронены ў ежу ўсе віды насякомых, акрамя саранчы».

А як з халяльнай ежай справы ў сталіцы, дзе жывуць прыкладна 10 тысяч мусульманаў? Мы запыталіся ў Сяргея, мусульманіна з Менску:

«Хвала Алаху, па міласці Алаха ў апошнія гады з халяльнай ежай у Менску стала значна лепш. Крамы халяльнага мяса ёсць на ўсіх буйных рынках. На «Экспабеле», на Камароўцы, у Ждановічах».

«Каўбасы з’явіліся, сасіскі. То бок, калі раней даводзілася вазіць гэта ўсё з Масквы, гэта было даволі дорага, то цяпер, хвала Алаху, ёсць сасіскі, каўбасы беларускай вытворчасці вельмі добрай якасці».

Мусульмане кажуць, што халяльныя харчы могуць зацікавіць і прадстаўнікоў іншых рэлігіяў. Маўляў, знякроўленае мяса больш карыснае. Ува ўсіх ахвотных хутка зʼявіцца магчымасць яго пакаштаваць – гомельскае прадпрыемства «Халяль» бярэ ўдзел у арганізацыі харчавання на Еўрапейскіх гульнях у Менску.

Ян Вярбіцкі, belsat.eu