Дзе і як ратавацца ў спёку?

На Заслаўскім вадасховішчы каля сталіцы, больш вядомым як Менскае мора, штогод абмяжоўваюць купанне. Аднак сёння ў Менскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі нам паведамілі, што купацца тут дазволена.

Як менчукі адпачываюць і ратуюцца ад спёкі, хадзем запытаемся.

«Вадзічка цёпленькая, вось трэба было яшчэ раз застацца, мы проста раней прыехалі, была халодная, а цяпер харошая».

«Вадзічка ўвогуле агонь, цёплая – праўда, пах трохі мае, ну як і ў Фрунзенскім раёне, але так нармальна».

«Месцамі праходзіш, так, ёсць такі пах».

У Менскім раёне дазволена купацца толькі ў двух вадаёмах – вадасховішчах «Вяча» і «Пціч». У вадасховішчы «Дуброўскае«, хоць паказнікі і ў норме, уваходзіць у ваду забараніла Таварыства ратавання на водах.

Каб даведацца, ці бяспечна адпачываць каля вадаёмаў вашага раёну, трэба патэлефанаваць на дзяжурны нумар санэпідэмстанцыі вашага раёну. Рэспубліканскі ж цэнтр гігіены і эпідэміялогіі не рэкамендуе наведваць чатыры зоны адпачынку: магілёўскія пляжы на Грэбенеўскім і Пячэрскім вадасховішчах, гарадскі пляж у горадзе Чавусы і пляж на гарадскім возеры ў Слаўгарадзе.

У спёку лекары раяць не піць ледзяной вады, алкаголю і салодкіх газаваных напояў. Менш есці тлустай і смажанай ежы і гарачых супоў.

«Таксама пры высокіх тэмпературах не варта злоўжываць фізічнымі нагрузкамі, бо пры тэмпературы 30 градусаў і вышэй потааддзяленне павялічваецца ў чатыры-пяць разоў. У спякотны дзень чалавек пры сярэдняй фізічнай нагрузцы можа згубіць да 6 літраў вільгаці. І гэта можа пагражаць абязводжваннем» – нагадвае кандыдат медычных навук Вадзім Сушынскі.

Дактары таксама нагадваюць, што ў спёку заставацца на сонцы без шкоды для здароўя можна не больш за дзве гадзіны на дзень. Бяспечней за ўсё цешыцца летнімі праменямі сонца – ранкам да 11-й і пасля пяці гадзінаў вечара.

Наста Кахановіч, «Белсат»

Глядзі таксама