Дыстанцыйнае навучанне: ці дастаткова онлайн-заняткаў для абароны ад каронавірусу?


На заняткі ў некаторыя ўніверсітэты ўжо можна не хадзіць, але гэта не азначае, што заняткаў няма. Ва ўмовах неабвешчанага каранціну навучальныя ўстановы спрабуюць уласнымі сіламі стварыць бяспечныя ўмовы для студэнтаў і выкладчыкаў. Большасць заняткаў у Гомельскім універсітэце ўжо праводзіцца онлайн.

«Выдатна, тая ж лекцыя, як і ў сценах універсітэту».

«Студэнты пераважна ў Zoomе, некаторыя выкладчыкі могуць увогуле праз YouTube праводзіць лекцыі ў выглядзе прэзентацыі».

«Ходзім проста лабараторныя робім – на паўгадзіны прышлі і сышлі».

«Людзей значна менш стала, бо на дыстанцыйным большасць, раз-два на тыдзень прыходзім», – адзначаюць студэнты ўніверсітэту.

Нормы паводзінаў прапісаныя ў адмысловых загадах рэктарату і мала адрозніваюцца ад каранцінных захадаў.

«У нас ужо больш за месяц паседжанні рэктарату праводзяцца онлайн, указана правяраць супрацоўнікаў універсітэту, каб хворыя не ішлі. Тыя, хто прыехаў з камандзіроўкі, 14 дзён павінны быць на самаізаляцыі», – распавядае дацэнт ГДУ імя Ф. Скарыны Віктар Адзіночанка.

Афіцыйна дыстанцыйнага навучання ва ўніверсітэце не абвесцілі, новая арганізацыя заняткаў называецца «інфармацыйна-камунікатыўнай тэхналогіяй». Паводле студэнткі ўніверсітэту Наталлі Ашэкі, дамагчыся онлайн-заняткаў было няпроста:

«Калі пачалося павелічэнне хворых у Гомельскай вобласці, наша сесія была ў разгары, і я і некаторыя аднагрупнікі пайшлі ў дэканат, у рэктарат, мы хадзілі ад кабінету да кабінету, каб высветліць, што ў нас будзе. Наш універсітэт пайшоў нам насустрач і знайшоў спосаб накіраваць нас на дыстанцыйнае навучанне, яны назвалі гэта інакш».

Не для ўсіх студэнтаў патрабаванне ўвесці каранцін скончылася ўдала. Актывістка Лізавета Пракопчык змагаецца за аднаўленне ў Лінгвістычным універсітэце, адкуль яе адлічылі за пропускі месяц таму, калі дзяўчына сышла ў самаізаляцыю і таму заставалася ў інтэрнаце. Цяпер ва ўніверсітэце дзеюць абмежавальныя захады.

«Паўсюль стаяць санітайзеры, просяць у масках хадзіць па магчымасці. Збіраемся ў адным кабінеце і застаемся так на некалькі параў, то бок не перасоўваемся».

«Філалагічны факультэт перавялі на дыстанцыйнае навучанне цалкам, калі я туды залятаю па неабходнасці – там цішыня, пустэча і пахне хлёркай».

«Нам дазваляюць сыходзіць у самаізаляцыю, вольнае наведванне заняткаў, паўсюль стаяць дэзынфектары», – распавядаюць студэнты МДЛУ.

Лізавета Пракопчык лічыць, што гэтага недастаткова для змагання з каронавірусам:

«Яны адмянілі, але ўсё роўна студэнты ходзяць ва ўніверсітэт, усё роўна кантактуюць адзін з адным і ездзяць у метро з «Пятроўшчыны», і гэтак далей. Аўдыторыі невялікія насамрэч. Вось той будынак – былы інтэрнат, там вельмі маленькія аўдыторыі. Калі вы сядзіце, вы проста плячо ў плячо».

Патрэбны сапраўдны каранцін, лічыць актывістка, а галоўнае – затрымаць студэнтаў у інтэрнатах, яшчэ больш абмежаваць перамяшчэнні, каб інфекцыя не распаўсюджвалася.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»