Кепскае надвор‘е не перашкодзіла адбыцца дабрачыннаму распродажу рэчаў дыпламатаў. Сукенку, да прыкладу, аддала амбасадарка Швецыі Крыстына Юганнэсан. Яна яе набыла адмыслова да шатландскага вечара, але так ніколі і не апранула. Каштуе сукенка 25 рублёў.
«Некалькі амбасадаў адгукнуліся, яны разам з намі тут, таксама і міжнародныя арганізацыі, і кампаніі, і проста прыватныя асобы. Я думаю, што гэта нашая першая спроба, але не апошняя», – кажа амбасадарка Швецыі Крыстына Юганнэсан.
«Для нас упершыню экалагічны парадак, то бок мы даём рэчы другое жыццё. І плюс увесь прыбытак, які мы атрымліваем, ідзе на дабрачыннасць», – кажа Аляксандр Бялоў з дабрачыннага праекту «Калі ласка».
«На гэты момант ёсць дызайнеры, якія перарабляюць вопратку, якую мы купляем у сэканд-хэндзе. Таму гэта можа быць нешта крэатыўнае, нешта новае, але сфармаванае з вопраткі, якая была 5 гадоў ці 10 гадоў таму зробленая», – кажа Дар’я Радчыкава з Беларускай палаты моды.
Паштоўкі з парадамі аб устойлівым спажыванні можна было даслаць сваім знаёмым і сябрам ля стэнду «Зялёнай сеткі». «Набывайце менш, дзяліцеся больш», – раяць экаактывісты.
Наста Кахановіч, «Белсат»