Дыктатуры не перамагаюць у войнах. Як аўтарытарныя лідары выкарыстоўваюць памяць аб Перамозе


Для ўсіх народаў Другая сусветная вайна была страшным часам пакутаў, жорсткасці і выпрабаванняў. Але цяпер 9 траўня выкарыстоўваюць улады, каб пабразгаць зброяй і паказаць неабходнасць суворага ручнога кіравання. Трагедыі звычайных людзей і сапраўдныя прычыны вайны адыходзяць на другі план.

26 мільёнаў чалавек – столькі афіцыйна страціў Савецкі Саюз у Другой сусветнай вайне. У сталінскім СССР Дзень Перамогі быў выходны толькі да 1947 года. Яго ізноў сталі шырока святкаваць толькі ў юбілейным 1965-м.

Пакуль успаміны пра жахі вайны былі свежымі ды балючымі, пампезна адзначаць Дзень Перамогі было не з рукі, лічыць гісторык Ігар Кузняцоў:

«Былі велізарныя страты, разбураная краіна, і трэба было ўзгадваць пра гэта і адказваць на пытанне: «А чаму гэта адбылося? А чаму пачалася вайна? Чаму былі рэпрэсіі, якія выбілі камандны склад арміі, чаму гэтак званая Лінія Сталіна не працавала – бо яе ўжо не было да 1941 года».

Як сведчаць нядаўна апублікаваныя дакументы, звесткі пра ахвяраў СССР у вайне ўлады адразу засакрэцілі. Спіс звестак, забароненых для агучвання ў адкрытым друку і на радыё, 1949 год:

«Забараняецца публікаваць колькасныя звесткі пра людскія страты цалкам у СССР, Узброеных Сілах, у асобных аперацыях, у рэспубліках, краях, вобласцях, гарадах і раёнах» (§ 99).

«Забараняецца публікаваць зводныя колькасныя звесткі пра лік інвалідаў вайны цалкам у СССР, рэспубліках, краях, вобласцях, гарадах, раёнах і сельсаветах» (§ 100).

Перамогу савецкае кіраўніцтва стала выкарыстоўваць дзеля прапаганды ўласнай велічы, кажа гісторык Ігар Кузняцоў. Робяць так і сучасныя кіраўнікі:

«Нават любыя шэсці, кшталту «Несмяротнага палка», якія з’яўляюцца добрай ініцыятывай (бо людзі хочуць рабіць гэта ад душы), улады скіроўваюць у ідэалагічнае рэчышча, каб сказаць: «Вось у нас ёсць святы дзень, а таму не трэба думаць пра паўсядзённыя пытанні. Гэта ўсё такое мізэрнае ў параўнанні з той Вялікай Перамогай!»

Чым менш застаецца сведкаў вайны, тым больш зброі дэманструе дзяржава. Гэтак, у Маскве парад Перамогі штогод ладзяць, пачынаючы з 1995-га, а цяжкая тэхніка пастаянна ўдзельнічае ў ім толькі з часу кіравання Уладзіміра Пуціна.

Паводле Пенсійнага фонду Расеі, франтавікоў у краіне засталося 75 тысячаў. У Беларусі ветэранаў сёння менш за 7 тысячаў, кажа Міністэрства працы. У Дзень Перамогі танкі па Менску штогод не ездзяць. Але кіраўнік дзяржавы прымае парады і заклікае грамадзянаў згуртавацца перад замежнаю пагрозаю.

«На жаль, у Еўропе сёння […] адзінства няма. Ідзе ўзмацненне ваеннай прысутнасці на нашых межах. Перакрэсленая Дамова аб ракетах сярэдняй і малой далёкасці», – гаворыць Аляксандр Лукашэнка.

«Ніколі зноў» – гэтая фраза гучыць у дзень заканчэння Другой сусветнай у краінах Еўразвязу. Улады не хваляцца непераможнасцю і не палохаюць ворагамі, а прыгадваюць загінулых. Які лозунг бліжэйшы да сэрца беларусаў: «можам паўтарыць» ці «ніколі зноў»?

«Ніколі зноў! Таму, што вайна – гэта вельмі страшна. Гэта вялікія страты. І я не зычу свайму дзіцяці такое перажыць».

«Можам паўтарыць перамогу! Ну не дарма ж нашыя дзяды пралівалі кроў!»

«Што яны могуць паўтарыць? Дваццаць мільёнаў загінулых? Сотні тысячаў пакалечаных? Гэта яны хочуць паўтарыць?»

«Там жа сэнсу няма, паўтарыць вайну ці нешта яшчэ. Можам паўтарыць непераможнасць! Тое, што Расея непераможная – гэта так!» – кажуць жыхары Магілёва.

Рэальнасці вайны, аднак, далёкія ад ідэалогіі.

Перамогаю ў Другой сусветнай постсавецкія аўтарытарныя лідары стараюцца апраўдаць і ўзмацніць сваю ўладу. Але гісторыя даводзіць зусім іншае – дыктатуры не перамагаюць у войнах. Яны войны ствараюць, а плацім за іх мы.

Аляксандр Папко, belsat.eu