«Двары перамен» – новая культура менскіх двароў


«Дзіцячыя гульні і спартовыя спаборніцтвы, канцэрты і частункі – толькі частка таго, што можна пабачыць на святах, якія сёння адбываюцца ў многіх гарадскіх дварах».

Так заўзелі за сваіх мужоў і татаў, якія змагаліся за першынство ў футбольным паядынку, семʼі менскага мікрараёну Міхалова.

«Вельмі добрая гульня была: адзін раён гуляў «Міхалова» і «Гурскага» – новы раён. У мэсэнджары спісаліся, што будзем гуляць. Шмат розных імпрэзаў будзе: футбол, канцэрт – і ўсе выйшлі», – кажа Юрый, удзельнік матчу, – дзеліцца ўражаннямі Юрый – удзельнік свята.

Толькі ў Менску цяпер каля пяцісот дваровых супольнасцяў, якія склаліся з дапамогай перадусім тэлеграм-чатаў, а ўсе разам паўсталі ў выніку палітычных падзеяў у краіне.

«Самі людзі прыходзяць, самі, ведаюць, што – як і на маршах – іх затрымаюць і іх пабʼюць, і штрафы, і арышты дадуць, а яны ўсё роўна ідуць», – кажа Іна, удзельніца свята.

«Гэта яднанне, гэта праява салідарнасці. Я вельмі рады за тое, што адбываецца ў нашай краіне цяпер, калі людзі падтрымліваюць адзін аднаго, калі робяць усё, што могуць, каб адчуць, што мы нацыя, і я вельмі рады за гэта», – дадае ўдзельнік свята Сяргей.

Развіццю дваровых супольнасцяў паспрыяла самая вядомая з іх – «Двор перамен» з муралам дыджэяў Кірыла Галанава і Уладзіслава Сакалоўскага, якія на праўладнай акцыі ўключылі песню Цоя «Перамен». Гэтае месца стала ня толькі культурнаю пляцоўкаю, але і тэрыторыяй змагання за палітычныя правы. Гэткі прыклад натхніў таксама іншых.

«Раней гэты двор быў у выглядзе шахматнай дошкі – шахматныя фігуркі стаялі: конікі, слонікі, каралевы і каралі. Але, бачыце, іх няма – палігон, сапраўдны палігон, гэта не двор, тут трэба штосьці рабіць. А людзі – малайцы, яны паказваюць, што трэба сябраваць, трэба кантактаваць – так трэба паўсюль», – кажа спартовец-аматар і ўдзельнік свята Аляксандр.

Абуджэнне палітычнага жыцця пацягнула за сабой актывізацыю народнае ініцыятывы і творчасці. Адмыслоўцы называюць гэта новай нефармальнай культурай самавызначэння.

«Гэтыя ўсе графіці, гэтыя ўсе налепачкі, гэтыя ўсе выявы і слоганы, тое, што мы бачым на мітынгах, калі людзі выходзяць кожны са сваім транспаранцікам, напісаным няхай сабе нягегла, але ад душы, як кажуць, – гэта вельмі цікавая штука. Гэта нулявы ўзровень новай стылістыкі новай нацыі», – кажа культурны эксперт Максім Жбанкоў.

Паводле адмыслоўца, адметнасць новай культуры – яе выразны нацыянальны характар.

Галіна Абакунчык, «Белсат»