Долар рэкордна падаражэў. З пачатку года курс амерыканскай валюты падрос на 10 капеек. З чым гэта звязана, і ці варта бегчы ў абменнікі? Тлумачыць Аляксандр Папко.
Br 2,21 за долар – столькі амерыканская валюта ў нас яшчэ не каштавала. Папярэднюю вяршыню – Br 2,20 – долар браў чатыры гады таму, але потым скаціўся ўніз. Ці варта гэтым разам бегчы ў абменнікі? Не – супакойвае эканамічны аглядальнік Сяргей Чалы.
«У межах дзесяці адсоткаў аслабленне на працягу гэтага года чакалася. Мала хто чакаў, што гэта адбудзецца так хутка і за такі кароткі час. Аднак гэты працэс можа пачаць падтрымліваць сам сябе ў выніку простай псіхалогіі», – мяркуе Сяргей Чалы.
Віной таму – горкі досвед апошніх 11 гадоў. Вычэрпванне золатавалютных рэзерваў і праблемы на расейскім рынку тройчы прымушалі ўрад паніжаць курс рубля. Самым жорсткім было падзенне 2011 года. У адну ноч рубель патаннеў на 56 %, а за год – удвая. Ці рыхтуюцца нашыя грамадзяне мяняць рублі на долары?
Паслухаем жыхароў Менску:
«Калі мы цяпер рынемся, то попыт будзе нараджаць прапанову (калі вы ведаеце гэтую схему з попытам і прапановай). Цана будзе расці – таму мы зробім сабе толькі горш».
«Я думаю, беларускі рубель яшчэ падымецца. Я чытаю навіны, ён расце».
«Я лічу, што трэба мяняць рублі на долары. Долар – гэта міжнародная валюта, больш-менш стабільная».
«Для мяне гэта не актуальна асабліва, бо ў мяне няма такіх шалёных грошай, якія б мелі значэнне пры абмене».
Ужо пяць гадоў, як урад адмовіўся ўсімі сіламі ўтрымліваць курс рубля і прадаваць дзеля гэтага валютныя рэзервы.
Таму такіх дэвальвацыяў, якія былі раней, чакаць не варта. Аднак праблемы ў вонкавым гандлі не могуць не адбіцца на курсе нашае валюты.
«Апошні месяц мінулага года, снежань, быў увогуле рэкордным за многа гадоў па адмоўным гандлёвым сальда. І да гэтага дадаўся кароткатэрміновы фактар 40-адсоткавага падзення нафтаперапрацоўкі», – кажа Сяргей Чалы.
У выніку спрэчкі вакол кампенсацыі Беларусі стратаў, выкліканых падатковым манеўрам, расейскія дзяржкампаніі не пастаўляюць у нашую краіну нафту ўжо два месяцы. Масква пайшла на кампраміс – аб’явіў учора Аляксандр Лукашэнка. Праўда, каб нашая валюта ўмацавалася, бізнесоўцы павінныя пачуць, калі канкрэтна Расея разблакуе нафтаправод.
Аляксандр Папко, «Белсат»