Нашыя гледачы ведаюць, што самая прысутнасць журналістаў «Белсату» часцяком прыспяшае працу чыноўнікаў і прымушае хутчэй вырашаць праблемы грамадзянаў. А ў выніку – і рамонты ветлага жытла, і нават крымінальная справа супраць карумпаванага чыноўніка.
Лік выпадкаў ідзе на дзясяткі. Але з Глыбокім, што на Віцебшчыне, нешта пайшло не так…
«Белсат» паклікалі туды 2 гады таму. Мясцовыя скардзіліся на дарогу на вуліцы Камарова. Дакладней, на яе адсутнасць.
«Нічога там не зрабілі. Нядаўна прайшоў на тым тыдні грэйдар – нават тое не чапляў, дзе самая тут яма непраходная», – распавядае жыхар Глыбокага Эдвард Рудак.
Чыноўнікі абяцаюць адрамантаваць дарогу з 2012 года – тады ў мясцовай раёнцы «Веснік Глыбоччыны» напісалі, што вуліца Камарова трапіла ў чаргу на асфальтаванне. Апроч таго, па гэтай вуліцы ідзе газаправод у горад – яго праклалі гадоў 15 таму. То бок асфальтаваць дарогу трэба абавязкова. Аднак жыхары кажуць, што на паперы дарогу не тое што паклалі, а ўжо і адрамантавалі некалькі разоў.
«Як дастаў паперу, дык я ж гавару – быў ужо паложаны гэты асфальт і 2 ці 3 разы рамонт рабілі!»
«Будзьма толькі спадзявацца, што можа ўлада зменіцца, і на нашую вуліцу звернуць увагу», – кажуць жыхары Глыбокага.
І мясцовая ўлада змянілася. Учора кіраўнік краіны зрабіў чарговыя перастаноўкі бюракратычнага апарату. Ажно 21 чыноўнік атрымаў новую пасаду або згоду на прызначэнне. Сярод іх – Аляксандр Шубскі, якога Лукашэнка ўхваліў кіраваць Глыбоцкім райвыканкамам.
Мы вырашылі павіншаваць Аляксандра Мікалаевіча з новаю пасадаю ды запытаць у яго, ці думае ён нешта рабіць з гэтаю дарогаю? Тэлефануем у Глыбоцкі райвыканкам.
«Увогуле ў нас кіраўнік райвыканкаму Мохат Алег Віктаравіч сёння. Чытайце правільна. Не прызначылі, а ўзгаднілі прызначэнне» – нам адказалі.
Дык можа ён яшчэ на старой пасадзе? Даведаемся на ягоным былым месцы працы, у фінансавым аддзеле Мёрскага Райвыканкаму:
– На мой погляд, ён цяпер у райвыканкаме. А мы ў зусім іншым будынку чым райвыканкам знаходзімся.
– А ведаеце аб ягой новай пасадзе?
– Безумоўна! Канечне! Мы ўсе і ганарымся, і тым жа часам расстроеныя.
Пакуль Аляксандр Шубскі плавае ў бюракратычным віры і знаходзіцца не там і не тут, каб дабіцца хоць якой канкрэтыкі, грукаемся ў Глыбоцкую ЖКГ:
«Плануецца. Бліжэйшым часам».
Бліжэйшы час цягнецца ўжо 7 гадоў. Магчыма, новы кіраўнік Глыбоцкага райвыканкаму прыслухаецца да кіраўніка краіны, які падчас раздавання пасадаў агучыў запавет:
«Паглядзіце, мабыць дзесьці нешта трэба падчысціць, падняць».
А ў гэтым выпадку – нешта патрэбна яшчэ і заасфальтаваць.
Ян Вярбіцкі, belsat.eu