COVID-19: замест інтэрнату – лазарэт

«Трэба каменданцкая гадзіна – увядзём каменданцкую гадзіну. Але ці трэба гэта нашым людзям? Нам цяпер гэта не трэба», – цвердзіў сёння кіраўнік Беларусі, наведваючы адзін з пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС раёнаў – Нараўлянскі.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі: «Вось гэты каронавірус паказаў, хто ёсць хто. Вы паглядзіце: Еўразвяз, багатыя і гэтак далей. І кожны зашыўся ў сваёй шкарлупіне і не маглі адно аднаму дапамагчы».

Аднак і дапамагаць рэгіёнам грашыма Лукашэнка не збіраецца: ніякага скарачэння вытворчасці быць не павінна, заявіў кіраўнік Беларусі.

Тым часам экстраннае паведамленне ў 17-ым інтэрнаце БНТУ знячэвіла студэнтаў. Сабраць рэчы ды з’ехаць дадому загадалі навучэнцам універсітэту. Вызваленыя месцы адвядуць для хворых на каронавірус – да прыкладу, толькі з шостага інтэрнату прывязуць, паводле розных звестак, прыблізна 80 студэнтаў.

Студэнты бнту ды іхныя бацькі:

«Хтосьці застанецца тут пад сваю адказнасць з хворымі».

«Наколькі я ведаю, летам мы сюды ўжо не вернемся. Максімум на наступны год навучальны, але летам наўрад ці».

«Ну, напэўна, я радая ў тым плане, што я свайго сына пабачу і буду кантраляваць яго ўдома. Бо я яго не бачыла з 9 лютага».

«Не думалі, канечне, не чакалі гэтага. Такая сітуацыя. Трэба засцерагчыся. Папрасілі – значыць, выконваем».

Сёння рэкордную колькасць заражаных каронавірусам за содні зафіксавалі і ў суседняй Расеі – амаль шэсць з паловаю тысячаў новых выпадкаў. Агулам жа за ўчора ў нашых суседзяў ад каронавіруснай інфекцыі памерлі 66 асобаў. Па-ранейшаму напружанаю сітуацыя застаецца ў ЗША, Іспаніі ды Італіі. Агулам жа ў свеце налічваюцца ўжо амаль тры мільёны інфікаваных і больш за дзвесце тысяч ахвяраў «Ковід-19».

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама