На першы погляд, сітуацыя ў Нясвіжы выглядае спакойнай: людзі ходзяць без масак, у парках – шматлюдна, праводзяцца выпускныя вечары. Але спісы, якія трапілі нам у рукі, сведчаць, што эпідэмічная сітуацыя ў горадзе застаецца напружанай. Паводле звестак на 7 чэрвеня, захварэлых больш за дзвесце шэсцьдзесят чалавек. Захварэла і Алена Цымбарэвіч. У яе выявілі пнеўманію і адправілі на лячэнне ў Клецк, дзе і зрабілі аналізы на COVID-19. Праз 7 дзён прыйшоў адмоўны вынік, але Алена ўжо ляжала ў палаце з хворымі на каронавірус.
«І калі лекарка прыйшла, яна сама разгубілася, таму што, кажа, была ўпэўненая, што ў мяне будзе стоадсоткава каронавірус, а ва ўсіх астатніх – пад пытаннем. Дзякуй ёй, яны праз дзень зрабілі мне тэст на антыцелы, які паказаў каронавірус. І тады ў Клецку мяне паставілі як станоўчую, але ў Нясвіжы я ішла як адмоўная», – расказвае Алена Цымбарэвіч.
З-за такой блытаніны сямʼю Алены не ўзялі на ўлік і не правялі дыягностыкі, нягледзячы на тое, што ў мужа жанчыны былі сімптомы COVID-19.
«Калі я задавала пытанне, ці будуць тэставаць майго мужа, мне сказалі: тэстаў няма. Сын, калі ў мяне выявілі каронавірус і паклалі ў бальніцу, сышоў на самаізаляцыю, але праз тое, што мяне ніхто не кантраляваў, ён выйшаў на працу», – дзеліцца Алена.
Інфармацыю, што ў Нясвіжскім раённым шпіталі тэсты робяць толькі пацыентам з высокаю тэмпературай і дыягназаванаю пнеўманіяй, пацвердзілі некалькі крыніцаў. Атрымаць каментар у адміністрацыі Нясвіжскай больніцы не ўдалося: ахоўнік выклікаў міліцыю, як толькі мы зайшлі на тэрыторыю ўстановы. Паспрабавалі атрымаць каментар праз тэлефон:
«Я каментароў вам не дам», – адказала галоўная доктарка Вікторыя Пражэнік.
У спісах захварэлых пазначаныя месцы працы. Асяродкі інфекцыі выяўленыя ў шмат якіх арганізацыях: шпіталі, школах, дзіцячых садках, камунальнай службе, на цукровым камбінаце. Ад пнеўманіі памерла санітарка Нясвіжскага раённага шпіталю. Афіцыйнага дыягназу COVID-19 у яе не стаяла, аднак хавалі жанчыну ў закрытай труне.
«Труна была закрытая, вядома». – «Але пры гэтым дыягназ каронавірус у яе не стаіць?» – «Не», – пракаментаваў родзіч памерлай.
Інфармацыя аб смяротнасці ў раёне ёсць толькі за першы квартал года, тады ад пнеўманіі памерлі 2 чалавекі.
Большасць мінакоў, з якімі нам удалося пагаварыць, лічаць сітуацыю ў горадзе спакойнай.
«Вядома, што хварэюць. А што, на простую прастуду ніхто не хварэе? І зусім ніхто не памірае?».
«Ёсць выпадкі, але каб вельмі шмат, то не». – «Кажуць, больніцы ў вас перапоўненыя?» – «Не ведаю, не праўда. У мяне пляменніца працуе, казала, ужо вызваляюць месцы».
«Усе хварэюць, нам з гэтым жыць. І мы павінны абавязкова ўсе перахварэць».
«Сітуацыя пад кантролем. Абвастрэнняў асаблівых няма. Змагаемся. – «Адкуль вы гэта ўсе ведаеце?» – «Прэса». – «Дзяржаўная?» – Дзяржаўная і «АБС».
Паводле інфармацыі газеты «Нясвіжскія навіны», у раёне робяцца ўсе захады, каб перадухіліць распаўсюд інфекцыі: плыні пацыентаў падзеленыя, людзям з тэмператураю робяць рэнтген, машыны хуткай дапамогі дэзынфікуюць. Апрацоўваюць антысэптыкамі садкі ды школы.
Алена Дубовік, «Белсат»