COVID-19 у Беларусі: амаль 15 тысячаў хворых

У Фаніпалі развіталіся з доктарам ультрагукавой дыягностыкі Іллём Лемязою: у гісторыі хваробы мужчыны пазначаная «неўдакладненая пнеўманія», аднак, паводле ягоных калегаў, у медыка пацвердзіўся каронавірус.

«Мы былі вельмі шакаваныя, вядома. Па-першае, мы не чакалі, што такое магло быць наагул. Побач хадзілі, камунікавалі і…згарэў за пару дзён», – кажа Галіна, суседка памерлага.

Пакуль небяспечная інфекцыя працягвае забіраць жыцці па ўсім свеце, у Беларусі – са спазненнем на два тыдні – стартаваў 29 жаночы чэмпіянат па футболе. На матч паміж «Дынама-БДУФК» і зборнай U-19, сабранай на базе Беларускай федэрацыі футболу, прыйшлі 132 гледачы. Уладзімір Базанаў, старшыня Беларускай федэрацыі футболу:

«Мы падазравалі, што ў адной з камандаў два гульцы мелі кантакт першага ўзроўню. Мы перанеслі даты чэмпіянату наперад на два тыдні, каб быць упэўненымі. Я думаю, што гэта было правільнае рашэнне, бо ў гульцоў быў такі кантакт».

Тым часам колькасць хворых на каронавірусную інфекцыю ў краіне, дзе працягваюцца масавыя імпрэзы, наблізілася да 15 тысячаў. За апошнія содні захварэлі амаль 900 асобаў, а агульны лік памерлых цяпер складае 93 чалавекі. Віталь Еўтушэнка, дзіцячы інфекцыяніст, Кіеў, Украіна:

«У Беларусі, у нас і ў Расеі пакуль добра бачная тэндэнцыя росту. І пакуль цяжка сказаць, калі яна прыпыніцца. Але я думаю, што бліжэйшымі тыднямі эпідэмія пойдзе на спад, бо вялікая колькасць захварэлых, будзе больш імунізаваных людзей».

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, выбух «Ковід-19» зафіксавалі і ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 52 у Баранавічах. Як распавяла ў размове з «Белсатам» адная з асуджаных, некаторыя з тых, хто ўтрымліваецца на «хіміі», цяпер на каранціне.

Каб дапамагчы дактарам змагацца з каронавірусам, ЮНІСЭФ заклікаў беларускі бізнес і ўсіх грамадзянаў Беларусі сабраць 1,5 мільёна долараў. Гэтых грошай, паводле адмыслоўцаў фонду ААН, мусіць хапіць на 4 месяцы бесперапыннай працы айчынных шпіталяў. Да супрацы з міжнароднай арганізацыяй, якая робіць медычныя закупы па ўсім свеце, далучылася і кампанія «ByCovid19».

«Адзін з нашых самых галоўных аддзелаў – аддзел закупак – збіваецца з ног, шукаючы, дзе ж нешта можна набыць за больш-менш прыстойны кошт, пры больш-менш дакладных датах пастаўкі. Таму гэта будзе вялікая дапамога, калі ў нас атрымаецца гэтая камунікацыя і супраца», – кажа Андрэй Стрыжак, з кампаніі «BYCOVID19».

Дапамагчы Беларусі ў змаганні з «Ковід-19» выклікаўся і Еўразвяз: чакаюць, што нашая краіна атрымае на гэтыя мэты 60 мільёнаў еўраў. Аднак гэтыя грошы Брусель гатовы вылучыць толькі ў выпадку выканання Менскам рэкамендацыяў Сусветнай арганізацыі здароўя, заявіў у інтэрвʼю радыё «Свабода» прадстаўнік ЕЗ у замежных справах Жузэп Бурэль.

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама