Чарга ў паліклініцы – ад 5 раніцы. Жыхары Барысава не могуць трапіць да лекара


Медыцына ў Беларусі бясплатная, але ці даступная? Жыхары Барысава, каб трапіць да лекара, мусяць на досвітку заняць чаргу, але і гэта не гарантуе атрымання талону да адмыслоўца. Затое без чэргаў можна трапіць да доктара платна.

Яшчэ сонца не паспела ўзысці. А некаторыя барысаўцы ўжо на нагах. Каб заняць чаргу ў паліклініку, яны мусілі падняцца…

«А чацвёртай сорак».

«А пятай раніцы».

«А пятай раніцы я ўстаў, каб заняць чаргу. Гэта не медыцына, гэта здзек з людзей».

«Бязмежжа, бардак, бо гэта смешна прачнуцца а 4:30, каб прыйсці сюды на 5:00 раніцы, каб з дзіцём прайсці камісію».

«Тут звычайна прыязджаеш – людзей шмат, да лекараў не прабіцца. Усе пра гэты Барысаў толькі кажуць, што тут такія праблемы».

«Я падыхаю свежым паветрам, пастаю, усё ў парадку. Не атрымаю сёння – атрымаю заўтра».

Штодня займаць чаргу з пятае гадзіны раніцы можа далёка не кожны:

«Дачка тэлефануе, тэлефануе, а з малым дзіцём не можа прыехаць пастаяць у жывой чарзе».

У гэтай чарзе бадай кожны не здолеў датэлефанавацца ў рэгістратуру, каб атрымаць запаветны талончык:

«Або занята-занята або суцэльныя гудкі».

«У мяне жонка на ўліку ў Менску. Там усё прасцей: пазваніў, атрымаў, зрабіў. А тут не ведаю», – распавядаюць наведнікі паліклінікі.

Немагчыма дамовіцца на прыём у ІТ-краіне і іншым, больш сучасным спосабам:

«Праз інтэрнэт немагчыма замовіць, гэтая сістэма ў іх не працуе».

«Праз інтэрнэт немагчыма замовіць».

Для тых, хто не можа ці не хоча стаяць у чарзе, у паліклініцы прапануюць іншае выйсце – карыстацца платнымі паслугамі.

«Тут здаць біяхімію – трэба два з паловаю месяцы чакаць, нібы нехта адмыслова змушае карыстацца платнаю медыцынай».

«Дайце грошай больш! Платнае?!»

«Ды няма сродкаў!»

«Сумленна выплачваю падаткі. Чаму я абавязаная за медыцыну плаціць грошы? Гэта абавязак дзяржавы», – абураюцца наведнікі паліклінікі.

А 7-ай раніцы паліклініка адчыняецца…

«Хутчэй хутчэй!»

…і мы з натоўпам ідзём у рэгістратуру, каб там запытаць: чаму ўжо не першы год у Барысаве такая праблема запісацца да доктара? Размаўляем з працаўніцай рэгістратуры:

– Падыдзіце да загадчыцы.

– А дзе яна? На якім паверсе?

– З 9:00 раніцы.

Мы паспрабавалі пасля дзявятай датэлефанавацца да яе:

«А ў загадчыцы рамонт, таму вы не датэлефануецеся».

Мы запыталіся ў сталічнага лекара, чаму пацыентам цяжка трапіць на прыём. Зміцер Кароль, хірург:

«Вузкія спецыялісты атрымліваюць малыя заробкі ў паліклініках, сыходзяць у больніцы ці ў прыватныя цэнтры або з’язджаюць за мяжу. У сувязі з гэтым колькасць спецыялістаў меншае».

Паводле Змітра Караля, Міністэрства аховы здароўя аб праблеме ведае:

«Яны спрабуюць палепшыць умовы, але пытанне больш глабальнае, якое закранае сістэму краіны, у якой мы знаходзімся».

Каб выправіць сітуацыю ў медыцыне, відаць, пачынаць трэба з лекавання ўсёй сістэмы.

Вольга Старасціна, belsat.eu