Чаму ўкраінскія сілавікі не хочуць раскрываць забойства Шарамета?


Міжнародная група журналістаў зрабіла тое, чаго за амаль год не здолелі зрабіць улады Украіны, расследуючы забойства беларускага журналіста Паўла Шарамета. Яна знайшла новыя запісы з камераў назірання і важных сведак. Каманда ўкраінскага парталу «Slidstvo.Info» апублікавала сваё расследаванне.

СБУ датычны да забойства?

Журналісты выявілі сур’ёзныя прабелы ў афіцыйным следстве. Таксама каманда атрымала доказы, якія паказваюць на магчымае дачыненне да справы галоўнай спецслужбы краіны – СБУ.

Аўтары фільму прыйшлі да высновы, што ў Кіеве побач з домам Шарамета за дзень да ягонага забойства ў момант, калі невядомыя заклалі выбухоўку, прысутнічаў як мінімум адзін працаўнік СБУ – Ігар Усціменка.

Улады на пытанні журналіста, адказаць адмовіліся

Рэакцыя СБУ з’явілася позна ўвечары пасля прэм’еры расследавання. Прэс-сакратар Алена Гітлянская праінфармавала, што Ігар Усціменка быў звольнены яшчэ ў 2014-м.

Надзвычайны непрафесіяналізм – самае мяккае, што можна сказаць пра расследаванне забойства Паўла Шарамета, – лічаць ягоныя калегі.

«Тая рэакцыя, якую апублікавала СБУ, была вытрыманая ў духу абсалютна расейскай рэакцыі. Як у Расеі звычайна кажуць «іх там няма», «яго ўжо даўно звольнілі». Нават калі гэта праўда, гэта пасля таго расследавання, якое мы бачылі, пасля такой якаснай працы журналістаў, выглядала вельмі пошла і цынічна», – мяркуе Айдэр Муждабаеў, журналіст тэлеканалу ATR.

Авакаў зацікавіўся расследаваннем

Кіраўнік МУС Арсэн Авакаў заявіў, што на допыт выклічуць і аўтараў фільму, і Ігара Усціменку. Паводле сілавіка, шмат якія факты ў расследаванні зацікавілі ведамства. Менш чым за суткі фільм «Забойства Паўла» на «YouTube» набраў амаль 70 тысячаў праглядаў.

Пытанняў да следства шмат, кажуць калегі Шарамета з «Украінскай праўды». Яшчэ больш пытанняў, на іхную думку, спараджае незацікаўленасць СБУ ў раскрыцці гібелі журналіста і няздольнасць сфармуляваць асноўную версію.

Зацікаўленыя ў раскрыцці гібелі Шарамета і беларускія калегі

Сваё тлумачэнне маруднасці ўкраінскіх сілавікоў ёсць у журналісткі Святланы Калінкінай, якая сябравала з Шараметам.

«Магчыма, украінскія следчыя сутыкнуліся з тым, што ў гэтым забойстве няма расейскага следу, што гэта нейкія ўкраінскія разборкі. І таму ім не надта хочацца, каб гэтая справа была раскрытая»,– мяркуе журналістка.

Праз два месяцы споўніцца год з таго моманту, як машыну Шарамета ўзарвалі ў цэнтры Кіева. Афіцыйнае следства ў гэтай справе не прасунулася, а расследаванне журналістаў, як ужо заявіла МУС Украіны, наўрад ці дапаможа даведацца, хто забіў Паўла Шарамета.

«Белсат»