Чаму Лукашэнка рэабілітаваў звольненых чыноўнікаў?


Не паспелі ачомацца ад разносу ў кароўніку, як іх адправілі на новыя пасады. Сёння Леанід Заяц стаў старшынём Магілёўскага аблвыканкаму. Міхаіл Русы – памочнікам кіраўніка краіны і інспектарам па Магілёўскай вобласці. Чаму Лукашэнка рэабілітаваў звольненых міністраў?

«Навошта вы мяне сюды прывезлі? Каб я цяпер службе бяспекі загадаў надзець вам кайданкі на чале з ім?»

Яшчэ ў мінулы аўторак, наведваючы гаспадарку «Сліжы», што на Шклоўшчыне, Лукашэнка не ашчаджаў суворых і нават не асабліва цэнзурных словаў:

«Усіх пад нож. Усіх да адзінага. Леанід Васільевіч, крымінальную справу распачаць згодна з усёй строгасцю закону. Да мяне не звяртайся, вінаваты – адразу ў Следчы ізалятар».

Не паспелі пайсці пад нож, як ужо ўваскрэслі. Гэтак, былы міністр сельскае гаспадаркі Леанід Заяц стаўся старшынём Магілёўскага аблвыканкаму. А колішні віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы – памочнікам кіраўніка краіны, інспектарам па той самай Магілёўскай вобласці.

«Вы як грамадзяне Беларусі мой загад павінныя выканаць. Выкарыстоўвайце любыя законныя метады, любы законны сродак, каб навесці там парадак і даказаць, што вы тэхналагічныя і сапраўдныя мужыкі», – з заціснутым кулаком заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка.

Навіна хоць і нагадвае першакрасавіцкі жарт, ёсць традыцыйным элементам кіравання кадрамі ў дзяржаўным апараце.

«Зразумела, што з трэскам ён іх звольніў, цяпер з пашанай прызначыў на новыя пасады. Дарэчы, нічым не горш. Лепей быць губернатарам вобласці, мець прыбытак і ўсімі кіраваць, чым нікому не патрэбным сядзець ва ўрадзе», – кажа былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец.

Як ставяцца да такіх пастановаў кіраўніка Беларусі, мы запыталі тых, на чые падаткі ўтрымліваюцца пасадоўцы. Жыхары Менску:

«За 20 гадоў у яго нічога не змянілася, ён такім чынам паводзіцца досыць даўно».

«Гэта тэатр, ведаеце, як рэжысёр, іх зняў потым іх жа ж і паставіў».

«Вакол яго толькі людзі, якім ён давярае».

«Прыбіраць усіх трэба, як мне падаецца. А з каровамі – гэта цырк такі, што…»

«Многа сказаць можна, але не на камеру».

«Выбірае тых, з кім яму лепей».

Лепей, але зусім не для айчыннай сельскай гаспадаркі ды эканомікі, адзначае былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец:

«Павінныя прыйсці новыя людзі з новым мысленнем. Тыя, якія не баяцца ані прымаць рашэнняў, ані адказваць. У нас такіх ані ва ўрадзе, ані ў Адміністрацыі прэзідэнта няма».

А пакуль гэтая сітуацыя не зменіцца, эфектыўнасці чакаць не выпадае.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu