Берасцейцы прыдумалі, як пратэставаць супраць заводу «Ай-Паўэр» падчас эпідэміі

Праціўнікі акумулятарнага заводу трымаюць метровую дыстанцыю і надзяваюць маскі.

5 красавіка на чарговае «кармленне галубоў» у цэнтры Берасця выйшла больш за 100 чалавек.

«Наколькі мы ведаем, яны размяшчаюць аб’явы пра найм працаўнікоў. Таксама бачылі аб’яву, што ў пачатку траўня яны шукаюць транспарт для дастаўкі свінцу з Белаазёрску ў Берасце», – кажа праціўніца акумулятарнага заводу Юлія Зубік.

Людзі ўпэўненыя, што ўлады прымушаюць Міністэрства прыроды падпісаць дзяржаўную экалагічную экспертызу.

«Камітэт дзяржаўных экспертызаў адмаўляецца падпісваць заключэнне пра пуск заводу. Але на яго ціснуць зверху. Завод вырашалі ўлады пусціць любой цаной», – гаворыць праціўнік акумулятарнага заводу Алег Вялаў.

У сераду на імя старшыні Берасцейскага аблвыканкаму Анатоля Ліса актывісты накіравалі калектыўны зварот з просьбаю правесці сустрэчу. Яны плануюць перадаць кіраўніку вобласці заўвагі, якія сабралі за час барацьбы. У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй рэпрэзентуюць берасцейцаў усяго дзве асобы.

«Нам стала вядома, што Ліс разам з Румасам павінен даць справаздачу аб дадзеным заводзе пра рознагалоссі да 15 красавіка кіраўніцтву краіны. Мы са свайго боку напісалі ўсе гэтыя заўвагі і хацелі б яму перадаць», – распавядае праціўнік акумулятарнага заводу Дзмітрый Бекалюк.

Несанкцыянаваныя акцыі супраць акумулятарнага заводу кампаніі «Ай-Паўэр» адбываюцца ўжо даўжэй за два гады. Патэнцыйна шкоднае прадпрыемства месціцца за чатыры кіламетры ад Берасця.

«Хочуць зарабляць на здароўі жыхароў. Грошы не пахнуць», – абураецца Юлія Зубік.

Актывісты прызнаюцца, што спыняцца не збіраюцца, і нават не выключаюць больш радыкальных метадаў барацьбы. Якіх – пакуль не гавораць.

Рэпартаж Анастасіі Русецкай глядзіце ў поўным выданні навінаў за 5 красавіка

Глядзі таксама