Больш за 200 жыхароў Берасця выйшлі на цэнтральную плошчу, каб зноўку пакарміць птушак на знак мірнага пратэсту. Штотыднёвая акцыя супраць акумулятарнага заводу «АйПаўэр» сёння прайшла з адценнем радасці, бо мясцовыя ўлады пагадзіліся прыпыніць працу заводу.
«Былі 2 дакументы: загад Ліса, кіраўніка Берасцейскай вобласці, і загад Мінпрыроды пра тое, што завод прыпыняе дзейнасць у выходныя і начны час», – кажа Юлія Зубік, удзельніца мірнай акцыі.
Амаль 40 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва заводу, паўтара года штотыднёвых масавых акцыяў пратэсту – яшчэ да пачатку будаўніцтва – і мясцовыя ўлады, і адміністрацыя Лукашэнкі ігнаравалі. Былі і затрыманні, і крымінальныя справы аб нібыта абароце боепрыпасаў, і прыход міліцыі дадому. Але людзі вытрымалі.
«Экспертыза пасля першага месяца працы заводу па ўтрыманні свінцу, я мяркую, прымусіла іх падумаць, што будзе далей», – спадзяецца Андрэй Сліж, адзін з актыўных праціўнікаў заводу.
Пакуль на «АйПаўэры» наладжвалі абсталяванне, ініцыятыўная група праціўнікаў заводу арганізавала «Свінцовую варту». У выніку падчас дзяжурства актывісты заўважылі зліў вадкасцяў з заводу ў каналізацыю – уначы.
«За тэрыторыяй знайшлі мы па схеме каналізацыі заводу калодзеж, куды ўсё злівалася, адкрылі яго. Правялі тэст, спачатку самі, лакмусавай паперкай. Аказалася, канцэнтраваная шчолач. Дзмітрый Бекалюк адправіў пробу на »Водаканал«, там пацвердзілі», – распавёў удзельнік «Свінцовай варты» Алег Вялаў.
Працы на заводзе прыпыненыя, але гэта яшчэ не перамога. «АйПаўэр» распачынае працэдуру паўторнай экалагічнай экспертызы. А кіраўніку Берасцейскай вобласці пратэстоўцы пакуль не вераць.
«На 100 % верыць немагчыма. Бо на сустрэчу з Лісам было 10 заявак. І толькі цяпер, калі нашыя хлопцы паказалі забруджванне, ён пайшоў насустрач. А ўсяго гэтага можна было б пазбегнуць», – мяркуе Людміла Карчэўская, якая прыйшла сёння на мірны пратэст.
«Падчас сустрэчы з Анатолем Лісам мы агучылі сваю пазіцыю: наш пратэст будзе доўжыцца да поўнага закрыцця заводу», – папярэджвае Юлія Зубік.
Мясцовыя жыхары не толькі лічаць акумулятарны завод побач з Берасцем патэнцыйна небяспечным, але і патрабуюць справядлівасці.
«Ажно да прыцягнення да адказнасці тых, хто дапусціў парушэнне ўсіх законаў пры будаўніцтве заводу, пры ўводзе ў эксплуатацыю, пры праектаванні», – кажа Андрэй Сліж.
Акцыя ў прысутнасці людзей у цывільным і міліцыянтаў з мегафонамі прайшла спакойна, без затрыманняў. Людзі прайшлі па цэнтральных вуліцах і дамовіліся сустрэцца ў наступную нядзелю, каб пракантраляваць, як улады выконваюць абяцанні.
Яраслаў Сцешык belsat.eu