Каму ў Беларусі жыць хораша? Можа, тым, хто працуе ў Менску? У параўнанні з іншымі рэгіёнамі сітуацыя з заробкамі ў сталіцы выглядае найлепш. За год рэальны заробак менчукоў – то бок з улікам росту коштаў – вырас амаль на 7 адсоткаў!
Самымі высокааплатнымі работнікамі лічацца тыя, хто працуе ў IT-галіне, горназдабыўчай і хімічнай прамысловасці, у паветраным транспарце ды тэлекамунікацыях. А вось найменш у чэрвені зарабілі працаўнікі менскіх бібліятэк, музеяў і архіваў – тут зарплата нават не дацягвае да 750 рублёў.
«Пастарайцеся зрабіць усё, каб заробак быў калі не годны, – паўсюль гэтага не зробіш – то цярпімы», – казаў Аляксандр Лукашэнка новым падначаленым у панядзелак.
А мы запыталіся ў менчукоў: які мусіць быць заробак, каб жыць цярпіма?
«Было б, напэўна, добра долараў 700. Чаму? Бо шмат куды ходзім з дзецьмі: басейн, каратэ, ангельская мова, развіваемся. Хацелася б паболей павандраваць».
«Хаця б 1000 рублёў – гэта было б прымальна для нашага жыцця, такога сціплага».
«Тысячу баксаў хаця б».
«Цярпіма? Ад 500 еўраў і вышэй».
«Напэўна, рублёў 700. Каб хаця б элементарна плаціць за жытло, ежу і праезд».
«Калі апранацца ў сэканд-хэндах, шукаць, што танней, то мінімум 1000».
Што ўкладаў кіраўнік краіны ў панятак «цярпімы заробак» – не зусім зразумела. Калі ж казаць пра «годны», то тут, напэўна, вядзецца пра тыя самыя 1000 рублёў, пра якія ўлады кажуць бесперапынна ўжо шмат гадоў.
Аднак супраць статыстыкі не пазмагаешся: толькі ў 9 раёнах са 118 (!) беларусы атрымалі ў чэрвені 1000 або больш рублёў. Пры гэтым ні ў адной вобласці, апроч Менскай, людзям не плацілі ў сярэднім «па пяцьсот» у доларавым вымярэнні. Менш за астатніх зараблялі на Магілёўшчыне – тут зарплаты ў параўнанні са сталіцаю былі ніжэйшыя ажно на 300 долараў!
Які ж заробак гатовыя цярпець магілёўцы?
«500 рублёў, калі ты жывеш адзін і плаціш за камунальныя, не хопіць»
«Лімонаў 8–9. Тады яшчэ будзеш так жыць. А 4–5 – гэта не заробак».
«Калі шчыра, то і 1000 мала».
«Для мяне, я жыву з дзяўчынай, паўтары тысячы на дваіх больш-менш хапае».
«Мы жывем пры феадалізме. Вы ж самі ведаеце. Колькі гаспадар дасць, колькі скрадуць і колькі застанецца гэтаму статку…»
Адметна, што амаль у кожным шостым раёне Беларусі заробкі ў чэрвені ў параўнанні з траўнем знізіліся. Нават у тым жа Салігорскім, які да сённяшняга дня застаецца самым «багатым» рэгіёнам Беларусі, месячныя выплаты скараціліся ажно на 300 рублёў.
Віталь Бабін, belsat.eu