Беларусы пад ударам каронавіруса


«Без каментароў, сказалі». – «Чаму?» – «Таму што ідзе каранцін. Выходзіць ніхто не будзе».

На падʼездзе да Веснаўскага дому-інтэрнату ў Глускім раёне на Магілёўшчыне нашых журналістаў сустрэлі супрацоўнікі АМАПу і міліцыі. Яны ахоўваюць тэрыторыю інтэрнату, ачэпленую і забароненую цяпер для наведвання. Днямі стала вядома пра выяўленую тут каронавірусную інфекцыю. Інфармацыю пацвердзіў Магілёўскі аблвыканкам. Дакладную лічбу хворых, аднак, ані чыноўнікі, ані дырэктар установы не паведамляюць.

«Не проста адгаворка. Я настолькі заняты ад званкоў, і плюс ваш яшчэ званок. У мяне дзесяць па чарзе. І ўсе хочуць штосьці даведацца. Таму выбачайце, мне няма калі размаўляць», – кажа дырэктар Веснаўскага дому-інтэрнату Вячаслаў Клімаў.

З медычных назіранняў, дзеці менш хварэюць на «Ковід-19». Аднак у Веснаўскім інтэрнаце жывуць выхаванцы з псіхафізічнымі асаблівасцямі развіцця. З прычыны аслабленага імунітэту яны ў непасрэднай зоне рызыкі. Агулам ва ўстанове – больш за 170 навучэнцаў. Паводле інфармацыі міжнароднага фонду «Дзеці Чарнобылю», што шмат гадоў супрацоўнічае з домам-інтэрнатам, захварэлі прынамсі 13 дзяцей і 10 працаўнікоў. У раёне хвароба пайшла ад санітаркі, кажуць мясцовыя.

«Захварэла проста каронавірусам, яна не ведала сама. Фельчар, Валя нашая. Дык вось, у шпіталі ляжыць, і на яе месца нікога няма», – кажа жыхар Веснава Юрый Ушакоў.

Хварэюць таксама ў суседняй вёсцы Турыно. З усіх установаў дагэтуль працуе толькі крама.

«У вас тут хворыя на каронавірус». – «Ну да». – «І як шмат такіх людзей?» – «Наколькі мне вядома, тры чалавекі… Кажуць, што з асіповіцкага – кіроўцы. Лабарантка першая захварэла».

«Асяродак каронавіруса ў нас у дзіцячым доме. Побач. У Веснаве. Тут, ну ёсць людзі, якія прыхварэлі, ёсць, хто сядзіць на самаізаляцыі на ўсялякі выпадак. Але такога крытычнага – няма», – кажа жыхар Турыно.

Паводле афіцыйных звестак, агульная колькасць хворых у Беларусі перакрочыла 13 тысячаў. Гэта на 973 асобы больш, чымся было ўчора. Сусветная арганізацыя здароўя па выніках місіі ў Беларусь выказала занепакоенасць сітуацыяй ды выпрацавала рэкамендацыі для нашае краіны, у ліку якіх – перанос масавых мерапрыемстваў, пераход грамадзянаў на дыстанцыйнае навучанне і працу, ізаляцыя пацыентаў з «Ковід-19» і іхных кантактаў. Ці заўважаюць беларусы барацьбу ўладаў з каронавірусам? Меркаваннем падзяліліся жыхары Віцебску.

«Цяпер гэта проста раздулі паніку, чалавек памірае не тое што ад каронавіруса, у яго яшчэ іншыя хваробы ёсць».

«Людзей папярэдзілі. Цяпер усе засцерагаюцца, маскі і пальчаткі носяць. Таму, мне здаецца, дастатковыя захады».

«Калі параўноўваць з той жа Украінай ці Расеяй, то ў нас захадаў у прынцыпе ўвогуле ніякіх не ўводзіцца».

Недахопы барацьбы з «Ковід-19»: брак сродкаў індывідуальнай бяспекі для медыкаў ды недастатковую абарону для грамадзянаў – раскрытыкавала і былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Беларусі Ганна Канапацкая. Яна падала заяву ў Генеральную пракуратуру з просьбаю прыцягнуць да адказнасці міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка. На ўмовы працы скардзяцца таксама ў Расеі. Там агульная колькасць хворых набліжаецца да ста тысячаў чалавек, смерцяў – да тысячы.

«Яшчэ нядаўна на пытанне, што вам патрэбна, адказ быў – усё. Мы два тыдні займаемся ў Піцеры зборам сродкаў, набралі больш за 400 тысяч рублёў, каб купіць медыкам маскі, касцюмы, бахілы, акуляры», – кажа сябра Заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбургу Барыс Вішнеўскі.

У свеце сёння каля трох мільёнаў ста трыццаці тысячаў хворых ды каля двухсот васямнаццаці тысячаў памерлых. У той жа час урады еўрапейскіх краінаў паступова змякчаюць каранцінныя абмежаванні. З чацвёртага траўня іспанцы ды італьянцы змогуць хадзіць на шпацыры, а для палякаў і грэкаў адчыняць гандлёвыя цэнтры. Францыя плануе паслабіць каранцін з адзінаццатага траўня.

Юлія Лабанава, «Белсат»