Беларусы не могуць вярнуцца дадому


Улады Беларусі змагаюцца з каронавірусам як умеюць. Як паведамілі «Белсату» медсёстры РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках, ад іх патрабуюць выкарыстоўваць па тры медычныя маскі за змену. План праверыць санстанцыя, а працаўнікам сказалі: круціцеся як хочаце, купляйце за свае грошы.

У цэнтральнай раённай больніцы Мар‘інай Горкі да медсёстраў давялі іншы план: уласнаручна пашыць 1000 масак на аддзяленне.

А ў Палацы Незалежнасці сёння Аляксандр Лукашэнка загадаў КДБ разабрацца з тымі, хто распаўсюджвае фэйкі пра смерць ад «Ковіда-19» у Беларусі:

«Валерый Паўлавіч (Вакульчык), хопіць ужо на гэта глядзець. Трэба добра прайсціся па гэтых сайтах, каналах. Загінула жанчына ў Віцебску – ніякага там каронавіруса, і пасля смерці ўзялі аналізы некалькі разоў».

Таксама кіраўнік дзяржавы загадаў Міністэрству замежных справаў дапамагчы беларускім грамадзянам, якія не могуць вярнуцца дадому праз закрытыя на каранцін межы. Толькі не тым, хто паехаў пасля папярэджання ўладаў аб пандэміі:

«Трэба даць каманду памежнікам: хочаш пайсці ў Польшчу – пайшоў туды і сядзі там. Трэба папярэдзіць людзей: ніякага выезду за мяжу. Паехаў – будзеш там сядзець, пакуль не скончыцца гэтая пандэмія».

За мяжою застаюцца каля 6 тысячаў беларускіх турыстаў, больш за ўсё – у Егіпце. А ёсць і тыя, хто выехаў на адпачынак і па справах задоўга да таго, як па ўсім свеце сталі закрывацца межы, а афіцыйны Менск папярэдзіў пра небяспеку. Яны просяць дзяржаву дапамагчы з эвакуацыяй.

«18-19 сакавіка нам без тлумачэння прычынаў анулявалі авіяквіткі Гоа-Масква. На цяпер вярнуцца дадому немагчыма. Квіткі каштуюць непад‘ёмныя сумы. І цалкам магчыма, што іх гэтаксама анулююць. У нас скончыліся грошы і медыкаменты. У нас скончыліся страхоўкі, і тэрмін нашых візаў сканчаецца», – звярнуўся да ўладаў Беларусі праз сацыяльныя сеткі Яўген Новік разам з групай беларусаў, што захраслі ў індыйскім штаце Гоа.

З адменай авіярэйсаў людзі не проста страцілі грошы, а літаральна трапілі ў пастку. «Белсат» знайшоў беларуску ў Саудаўскай Аравіі, у Эр-Рыядзе, якая ўжо тыдзень не можа вылецець дадому. Ёй дала прытулак арабская сям‘я, а беларускія дыпламаты ў суседнім Дубаі дапамагчы з вылетам не могуць. Хіба што пазычыць грошы.

«Мне сказалі, што не могуць адправіць мне грошы, няма бюджэту… Для нас, для беларусаў гэта вельмі вялікая сума грошай, магчыма, 4 тысячы долараў, каб заплаціць за білет і вярнуцца дадому, і гэта проста нерэальна», – распавяла нам Анастасія Бандарэнка.

Беларусы, што не могуць вярнуцца дадому, аб‘ядноўваюцца праз сацыяльныя сеткі. 10 нашых грамадзянаў цяпер ажно ў Перу, у Лацінскай Амерыцы. На вуліцу без патрэбы выходзіць нельга.

«Ужо 5 дзень мы знаходзімся ў прымусовым каранціне ў сталіцы Перу Ліме. У такой сітуацыі аказаліся тысячы замежных турыстаў. Наш самалёт адмянілі перад самым вылетам, не было часу на эвакуацыю«, – распавядае карэспандэнтка «Белсату» у Перу Дар’я Румянцава.

А ў Беларусі каранціну няма і не прадбачыцца.

«Гэты год каронавірусны, студзень-люты, значна лепшы, чым папярэдні па смяротнасці ад той жа пнеўманіі… На шчасце, у нас такой псіхапатыі няма, як у Заходняй Еўропе. Мы робім усё, каб абараніцца», – заявіў напярэдадні Аляксандр Лукашэнка, наведваючы прадпрыемства вытворчасці медычнай тэхнікі.

Беларусь – адзіная краіна ў свеце, дзе цяпер праходзяць футбольныя і хакейныя матчы прафесійных лігаў – з заўзятарамі на трыбунах.

У хакей гуляюць і аматары: у Баранавічах каманда кіраўніка Беларусі сёння перамагла шосты раз запар. Найлепшым гульцом прызналі Мікалая Лукашэнку.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»