БДУ разглядае магчымасць правесці летнюю сэсію онлайн


Паводле міністэрства аховы здароўя, пік эпідэміі каронавіруса чакаецца ў канцы красавіка – пачатку траўня. У сувязі з гэтым галоўны ўніверсітэт краіны разглядае магчымасць правесці сесію онлайн.

«Ёсць схемы, якія дазваляюць правесці гэтую атэстацыю якасна, на належным узроўні. Таму калі ўзнікне неабходнасць выкарыстаць такі варыянт, усё гэта, вядома, будзе даведзенае да студэнтаў і выкладчыкаў», – кажа Аксана Здрок, прарэктар БДУ па навуковай працы.

18 красавіка міністэрства аховы здароўя заявіла пра тое, што у Беларусі ад COVID-19 памерлі 45 чалавек. Дакладны лік хворых пры гэтым не вядомы. Яшчэ ўчора выпадкаў інфікавання афіцыйна было 4779, сёння адрапартавалі пра 3282 і 510 тых, хто чакае на вынікі тэстаў.

У свеце – больш за два мільёны пацверджаных хворых

Пік інфікавання цяпер перажываюць Злучаныя Штаты, дзе больш за 700 тысячаў хворых, ды Іспанія. Зусім нядаўна Мадрыд святкаваў закрыццё адной з імправізаваных больніцаў для лячэння хворых на каронавірусную інфекцыю. Аднак сёння адзін з павільёнаў шпіталю адчынілі зноў. Лік хворых раптоўна вырас на 565 чалавек.

«У нас тут было больш за тысячу пацыентаў. Самае складанае, калі пацыенту робіцца горш, і табе трэба бегчы і вызначыць, якое рашэнне прыняць, каб развязаць праблему», – кажа Фэрнанда Лопэс, медбрат часовага шпіталю ў Мадрыдзе.

У Кітаі ж кажуць пра пазітыўную дынаміку. За мінулы дзень там не зафіксавалі ніводнай смерці ад каронавіруса. Новых выпадкаў хваробы – 27, 17 з іх у людзей, якія прыехалі з-за мяжы. Для замежнікаў на час эпідэміі Кітай увёў абавязковыя правілы: афармляць рэгістрацыю ды выконваць патрабаванні ідэнтыфікацыйнай інспекцыі.

«Па ўсім свеце – больш за два мільёны пацверджаных хворых на COVID-19. Расце рызыка імпартавання хваробы ды новага скачка эпідэміі. Таму нам трэба надалей прытрымлівацца захадаў для ранняга выяўленні, ізаляцыі, своечасовага ды эфектыўнага лячэння каронавіруса», – кажа Мі Фэн з Нацыянальнай камісіі здароўя Кітаю.

У Расеі – новы рэкорд. За дзень колькасць інфікаваных вырасла амаль на 4800 чалавек. Больш за палову выявілі ў Маскве. Таму дзеянне сістэмы лічбавых пропускаў у расейскае сталіцы працягнулі да першага траўня. Да гэтага ж тэрміну на паўзе застанецца вытворчасць прадпрыемстваў ды дзейнасць кампаніяў.

Юлія Лабанава, «Белсат»