Бацькі не могуць падзяліць дзіця. Дзяржава забірае яго ў прытулак


11-гадовы Ігнат Шымановіч пакуль жыве з бацькам – і хоча жыць з ім далей. Дзяржава хоча забраць яго ў прытулак. Фота – «Белсат»

Прадстаўнікі Камісіі па справах няпоўнагадовых з міліцыянтам, не паказаўшы нават адпаведнага рашэння, прыходзілі да самотнага бацькі Дзмітрыя Шымановіча – забраць сына. 11-гадовага Ігната хочуць завезці ў дзетдом, бо гэтага ўжо шэсць гадоў праз суды патрабуе маці. Хлопчык катэгарычна супраць.

Па адзінаццацігадовага Ігнатку сёння прыходзілі госці, выманьвалі з дому: «Гэта для таго каб ужо канчаткова жыць у адным месцы. Чуеш мяне? Каб на трэніровачку трапіць, скончыць гэтую чвэрць».

«Мяне хочуць забраць у прытулак, таму што я жыву з татам, а яны хочуць каб жыў з Таццянай. Я так называю сваю былую маму», – кажа Ігнат Шымановіч.

Дзякуючы яе намаганням камісія Камітэту па справах няпоўнагадовых адзінагалосна пастанавіла, што дзіця патрабуе апекі дзяржавы.

Відэарэпартаж пра сям’ю Шымановічаў глядзіце ў поўным выданні навінаў за 29 красавіка

«Са мною Ігнат пражывае і ягоная сястра, і ўсё ў нас цудоўна. І вучыцца, і грамата за граматай. Хлопчык развіты файна! Я не п’ю, прысвяціў сябе цалкам дзецям. Не ведаю за што ў мяне можна забраць дзяцей, якія проста хочуць пражываць са мною», – кажа Дзмітрый Шымановіч.

Разам з судовым выканаўцам спадарыня Таццяна ўжо прыходзіла па сына. Яшчэ ўзімку Ігнат узгадваў: «У 2015 годзе, калі Таня, якая прыехала з судовымі выканаўцамі, пачала мяне забіраць і ўдарыла мяне ў жывот і ў грудзіну, пасля чаго я трапіў у больніцу».

Біла за тое, што мамаю не заве, надоўга пакідала аднаго – скардзіцца Ігнатка. Робім чарговую спробу спытаць у жанчыны, навошта пры такім стаўленні імкнуцца да выхавання дзіцяці? Але абанент недаступны – у дзень імавернага перавозу хлопца ў «Менскі раённы сацыяльна-педагагічны Цэнтр». Але і ў іншыя дні Тацяна не размаўляе з журналістамі.

У судах за яе кажуць адвакаты – што гэта Дзмітрый настроіў дзяцей супраць яе. І ўсе дзяржаўныя органы – на ейным баку.

«Таццяна Віктараўна часта мне казала, ды й іншыя казалі, нават начальнікі, што ў Таццяны Віктараўны ёсць у высокіх структурах блат, таму ёй дапамагаюць», – працягвае бацька Ігната.

У Вярхоўным судзе палова спрэчак, звязаных з выхаваннем дзяцей – гэта справы аб перадачы дзіця другому з бацькоў. Яшчэ 25 : справаў – аб удзеле другому з бацькоў у выхаванні. Пазоўнікі – пераважна мужчыны і ў 80 % выпадкаў – ім не ўдаецца застацца галоўным апекуном – кажа эксперт.

«Мне здаецца, што не заўжды органы апекі могуць даць аб’ектыўнае заключэнне – гэта першае. А другое – у Беларусі няма прафесійных органаў, якія б займаліся судоваю медыяцыяй», – кажа Андрэй Маханько з грамадскага аб’яднання «Разуменне».

Вырашаючы з кім пакінуць дзіця – суд звяртае ўвагу перадусім на матэрыяльную забяспечанасць бакоў і іхныя звычкі, на маральныя ўмовы выхавання. Вырашальным мае быць жаданне дзяцей, калі ім больш чым 10 гадоў.

Так 11-гадовы Ігнат Шымановіч, страціў адзін школьны год, бо маці не дала згоды на навучанне па месцы жыхарства. Цяпер і яно мае змяніцца на прытулак.

Юлія Цяльпук, «Белсат»