Атручанне ў Солсбэры: Масква адказала Лондану ў стылі «сам дурань»


Лондан атрымаў датэрміновы адказ на ўльтыматум брытанскага МЗС расейскаму амбасадару. Масква не будзе даваць тлумачэнняў, пакуль не атрымае доступу да матэрыялаў справы пра атручванне былога палкоўніка ГРУ РФ і ягонай дачкі.

«Перш, чым ставіць ультыматумы, даваць справаздачы перад брытанскім урадам за 24 гадзіны, лепш выканаць уласныя абавязкі паводле міжнароднага права. У дадзеным выпадку – Канвенцыі аб забароне хімічнай зброі. Ну, і агулам, пра манеры – варта памятаць, што эпоха каланіялізму даўно мінула», – зазначыў кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў.

Што за хімічная зброя?

Сяргея і Юлію Скрыпаль атруцілі вайсковым нервова-паралітычным рэчывам «Новичок», распрацаваным у Расеі. З такой заявай напярэдадні ўвечары ў парламенце выступіла прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Тэрыса Мэй.

«Ёсць толькі два верагодныя тлумачэнні таго, што адбылося ў Солсбэры 4-га сакавіка. Або гэта быў наўпроставы акт расейскай дзяржавы супраць нашай краіны. Альбо ўрад Расеі страціў кантроль над распаўсюдам патэнцыйна катастрафічна небяспечнага нервовага таксіну і дазволіў яму трапіць у чужыя рукі», – даводзіць Мэй.

Занепакоенасць і салідарнасць з брытанцамі сёння выказаў Еўрапейскі Звяз

Гатовасць падтрымаць Лондан прагучала і ў Вашынгтоне. У Белым доме паведамілі, што ўважліва сочаць за разгортваннем падзеяў.

66-гадовага былога двайнога агента Сяргея Скрыпаля і ягоную 33-гадовую дачку Юлію шпіталізавалі ў крытычным стане ў англійскім горадзе Солсбэры 4-га сакавіка. Напярэдадні прадстаўніца расейскага МЗС Марыя Захарава назвала выступ Тэрысы Мэй у справе злачынства «цыркавым шоу».

Лола Бурыева, «Белсат», фота: Henry Nicholls / Reuters / Forum