Асцярожны аптымізм у справе COVID-19

1 мільён 400 тысячаў. Амаль столькі пацверджаных выпадкаў заражэння каронавірусам. COVID-19 забраў жыцці 76 тысячаў чалавек. Амаль 300 тысячаў выздаравелі. Самая апошняя інфармацыя пра каронавірус з розных месцаў на планеце – у сюжэце.

Прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Борыса Джонсана, хворага на COVID-19, перавялі ў аддзяленне інтэнсіўнае тэрапіі. У кіраўніка ўраду не выявілі пнеўманіі, ён не падлучаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Майкл Гоў, міністр Ураду Вялікай Брытаніі:

«Прэмʼер-міністр атрымоўвае найлепшую медычную дапамогу ў шпіталі Святога Томаса. Мы яднаемся з ім і ягонаю сямʼёй у надзеі ды малітве».

Тым часам на радзіме каронавіруса афіцыйна сітуацыя ідзе на папраўку. Улады Кітаю паведамляюць: учора ўпершыню са студзеня ў мацерыковай частцы краіны ніводзін чалавек не памёр ад COVID-19. Адначасова зафіксаваныя 32 новыя выпадкі заражэння – усе завезеныя з-за мяжы.

«Учора выпісаліся са шпіталяў 89 пацыентаў. З 2365 чалавек, якія былі першымі кантактамі, знялі медычны нагляд. Колькасць цяжкіх выпадкаў скарацілася да 54», – распавёў Мі Фэн з Нацыянальнай камісіі здароўя Кітаю.

У суседняй Японіі, якая доўга трымалася без адмысловых захадаў, сёння ўсё ж такі абвесцілі надзвычайнае становішча ў сталіцы ды яшчэ шасці рэгіёнах. Сіндзо Абэ, прэмʼер-міністр Японіі:

«Надзвычайнае становішча будзе дзеяць месяц, то бок да 6 траўня ўключна».

Першае месца ў свеце ў ліку заражаных па-ранейшаму за Злучанымі Штатамі. Колькасць пацверджаных выпадкаў – 370 тысячаў, загінулых – адзінаццаць тысячаў.

«Нас чакае вельмі цяжкі тыдзень. Але ў канцы тунэлю мы бачым велізарнае святло», – заявіў прэзідэнт ЗША Доналд Трамп.

У Іспаніі, якая займае другое месца ў свеце ў колькасці захварэлых на COVID-19, – 140 тысячаў пацверджаных выпадкаў, адзначаюць станоўчую дынаміку выздараўлення. Марыя Хасэ Сьера Морас з Мінздароўя Іспаніі:

«Больш як 43 тысячы чалавек выпісаныя са шпіталяў: гэта больш за 30 адсоткаў ад усіх выпадкаў. Радыя паведаміць, што гэтая лічба расце з кожным днём».

Напярэдадні ў краіне памерлі 743 чалавекі. Упершыню за 5 дзён паказнік смяротнасці падскочыў. На фоне пандэміі ў краіне задумаліся пра хутчэйшае ўвядзенне базавага прыбытку для ўсіх грамадзянаў, які мае захавацца і пасля пераадолення крызісу.

У Італіі, што займае першае месца ў свеце ў колькасці смерцяў і трэцяе ў колькасці заражэнняў, урад прыняў законы, якія дазволяць банкам выдаць прадпрыемствам, пацярпелым ад каронавіруса, крэдыты на агульную суму 750 мільярдаў еўра.

«Не памятаю, каб у нашай краіне калі-небудзь вылучаліся такія велізарныя сродкі для фінансавання нашага бізнесу», – звярнуў увагу прэмʼер-міністр Італіі Джузэпэ Контэ.

У дзвюх еўрапейскіх краінах каранцін пастанавілі паслабіць. У Даніі з наступнага тыдня адчыняцца дзіцячыя садкі і пачатковыя школы. У Чэхіі з сёння можна займацца некантактным спортам на адкрытых пляцоўках. З чацвярга адчыняюцца нехарчовыя крамы і сэрвісы рамонту ровараў.

«Калі нехта ўваходзіць у краму, ён мусіць мець магчымасць прадэзінфікаваць рукі і ён абавязаны будзе гэта зрабіць, выходзячы з крамы. Адначасова абавязкова трэба насіць пальчаткі», – зазначыў віцэ-прэмʼер Чэхіі Карэл Гаўлічэк.

У той жа час забарона выходзіць на вуліцу без канкрэтнай прычыны пакуль яшчэ дзеіць.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

Глядзі таксама