6 кастрычніка пад менскай ратушай сотні асобаў сабраліся пад лозунгамі супраць паглынання Беларусі Расеяй. Фармальна акцыя была выбарчым пікетам вылучэнцаў у Палату прадстаўнікоў, на справе – паўнавартасным мітынгам з музыкай, палітычнай агітацыяй і спальваннем пасведчанняў, выданых Цэнтрвыбаркамам.
Мікола Статкевіч не верыць у справядлівыя выбары ў Палату прадстаўнікоў без фальсіфікацыяў з боку ўладаў. Але час збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты старшыня «Народнай грамады» называе «месяцам свабоды», якім ужо скарыстаўся дзеля палітычнай агітацыі ды стварэння ініцыятыўнай групы да прэзідэнцкіх выбараў наступнага года. Сённяшні выбарчы пікет-мітынг партыйнага вылучэнца Валянціна Троцкага на плошчы Свабоды завяршае кампанію «Народнай грамады», праведзеную ў рэгіёнах.
«У адрозненні ад рэгіёнаў, ён праводзіцца па асобнай тэме – незалежнасць. Бо Лукашэнка гандлюецца з Пуціным пра ўмовы здачы незалежнасці», – заявіў Мікалай Статкевіч на мітынгу.
Да людзей прамаўлялі і прадстаўнікі іншых палітычных сілаў Беларусі, якім блізкія каштоўнасці незалежнасці і дэмакратыі.
«Трэба казаць пра пагрозу незалежнасці, трэба рыхтавацца да абароны незалежнасці, і калі 8 снежня будуць падпісваць гэтыя ганебныя паперы, беларусам трэба выходзіць усім», – перакананы сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец.
Асобнай групай з некалькіх дзясяткаў асобаў прысутнічаў Рух маці 328. Гэта сваякі асуджаных паводле артыкулу 328 аб абарачэнні наркотыкаў, не згодныя з занадта жорсткім пакараннем за дробныя дозы рэчываў.
«Я прыехала падтрымаць нашую маму – Людмілу Ждановіч, як кандыдата ў дэпутаты. І мы сабраліся мацерамі, каб падтрымаць яе і прасунуць ад нашага руху», – кажа Алена Кузьміна, якая прыехала на мітынг з Мар’інай Горкі.
У Людмілы Ждановіч яшчэ непаўналетняга сына асудзілі на 8 гадоў турмы за менш чым палова грама наркатычнага рэчыва. Галоўная мэта яе пікету – данесці да грамадства, што Рух маці 328 – за справядлівасць і гуманнае стаўленне да моладзі, залежнай ад наркотыкаў, і разам з тым яны – супраць наркотыкаў і за прафілактыку наркаманіі. А справядлівых выбараў у Палату прадстаўнікоў Людміла таксама не чакае.
«Я думаю, што ўсе месцы там даўно размеркаваныя. І прыйдуць туды тыя, хто мусіць прыйсці. Карупцыя квітнее», – кажа Людміла Ждановіч.
Напрыканцы мітынгу актывісты «Народнай грамады» і ўдзельнікі іхных ініцыятыўных групаў заявілі, што здымаюцца з удзелу ў выбараў. І спалілі пасведчанні ад Цэнтрвыбаркаму.
Яраслаў Сцешык belsat.eu