Аналітык: Падатковы кодэкс Саюзнае дзяржавы цалкам не ў нашых інтарэсах


Урад адмовіўся публікаваць дакументы аб інтэграцыі, якія 2 тыдні таму парафіравалі прэм’еры Беларусі і Расеі. На запыт дэпутаткі Палаты Прадстаўнікоў Алене Анісім адказалі, што абнародаванне пагаднення прывядзе да маніпуляцыяў. А тым часам Міністэрства фінансаў пацвердзіла, што працуе над уніфікацыяй Падатковага кодэксу гэтак званае «Саюзнае дзяржавы».

Праз два дні пасля публікацыі расейскага выдання «Коммерсантъ» урад нашае краіны гэтак і не апублікаваў праграмы інтэграцыі, якую 6 верасня запарафіравалі прэмʼеры Беларусі і Расеі Сяргей Румас ды Дзмітрый Мядзведзеў. Адмовілі ў доступе да інфармацыі і дэпутатцы Палаты прадстаўнікоў Алене Анісім.

З адказу міністра эканомікі Дзмітрыя Крутога дэпутату ПП Алене Анісім:

«Публікацыя праекту Праграмы (…) магла б стварыць глебу для інфармацыйных маніпуляцыяў і фармавання ў грамадстве скажоных уяўленняў адносна інтэграцыйнага працэсу».

Між тым Міністэрства фінансаў у каментары парталу Tut.by пацвердзіла прынамсі адну тэзу з пазаўчарашняй публікацыі «Коммерсанта»: адзіны Падатковы кодэкс гэтак званае Саюзнае дзяржавы сапраўды рыхтуюць.

«Той кодэкс, які яны хочуць распрацаваць сумесна, гэта як спараваць вожыка і карову, выбачайце за такі выраз. Таму што зашмат вады выцекла», – мяркуе кіраўнік РГА «Перспектыва», бізнесовец Анатоль Шумчанка.

Напрыклад, у Расеі падатковая нагрузка меншая, затое ў Беларусі – прасцейшае падатковае адміністраванне, гаворыць Жанна Тарасевіч, дырэктарка бізнес-звязу, які Міністэрства фінансаў паклікала ў працоўную групу для распрацоўвання супольнага кодэксу:

«Найбольшы камень на дарозе, які хутчэй за ўсё будзе (і пра гэта трэба будзе дамаўляцца), – гэта сацыяльныя адлічэнні, якія ў нас з’яўляюцца страхавымі выплатамі, і сацыяльны падатак у Расейскай Федэрацыі. То бок па якім шляху мы пойдзем?»

Паводле Жанны Тарасевіч, уніфікацыя правілаў гульні на рынках Беларусі і Расеі нясе большыя магчымасці для супрацы, свабоднага руху капіталаў. Але ўлічваючы, што расейская эканоміка амаль у 30 разоў большая за нашую, паўстае законнае пытанне, хто ад гэтага ўсяго выйграе.

«Не магу сказаць, што гэта пагроза, але пытанне таго, наколькі будзе даступнай, наколькі практычна ўзмоцніцца канкурэнцыя за атрыманне рэсурсаў, за прыватызацыю, можа быць, і ўсё астатняе, тут, вядома, гэтыя рэчы маюць праглядацца», – адзначае Жанна Тарасевіч.

У сваю чаргу прадстаўнікі малога бізнесу звяртаюць увагу на розны ўзровень культуры вядзення справаў у Беларусі і Расеі.

«Калі ў нас, дапусцім, прымаецца закон для бізнесу, то бізнес гэты закон выконвае. І адказнасць, у прынцыпе, незваротная, бо яна ў любым выпадку наступае. У Расеі ж, калі прымаюць закон, то ён, як правіла, паводле нашых адчуванняў, не выконваецца. Адказнасці я там таксама асабліва не ўбачыў», – кажа Анатоль Шумчанка.

А таму навіну пра эканамічнае збліжэнне з Расеяй у асяроддзі ІП шмат хто ўспрыняў скептычна. Што датычыць іншых пунктаў інтэграцыі, апублікаваных «Коммерсантом», то асаблівую ўвагу звяртае фармулёўка «агульны знешнегандлёвы рэжым».

«Беларусь будзе вымушаная далучыцца да расейскіх антысанкцыяў, не пускаць прадукты з Еўропы, Малдовы, Грузіі, што відавочна цалкам не ў нашых інтарэсах», – канстатуе старэйшы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб.

Калі ж казаць аб працы над агульнымі падатковым і грамадзянскім кодэксамі, то, паводле Вадзіма Іосуба, тут Беларусь таксама не атрымае эканамічнае выгады. Зрэшты, не атрымае яе і Расея. Але для апошняй перадусім мае значэнне палітычная перамога.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu