Алена Захаранка сустрэлася з удзельнікам забойства бацькі


Тэма лукашэнкаўскіх эскадронаў смерці вяртаецца. Алена Захаранка – дачка выкрадзенага і забітага экс-міністра ўнутраных справаў – сустрэлася з Юрыем Гараўскім, былым байцом міліцэйскага спецназу СОБР, які распавёў, як удзельнічаў у забойствах Юрыя Захаранкі, палітыка Віктара Ганчара і бізнесоўца Валерыя Красоўскага. Сустрэча адбылася ў аб’ектыве «Нямецкай хвалі».

Пасля сенсацыйнага фільму «Дойчэ Вэле» «Забойствы праціўнікаў Лукашэнкі ў Беларусі. Споведзь саўдзельніка», Алена Захаранка вырашыла сустрэцца з гэтым «саўдзельнікам» Юрыем Гараўскім. На працягу 20 гадоў яна марыла пераканацца, што калі бацьку забілі, то… прынамсі хутка. Былы Баец СОБРу адказаў на ейнае пытанне:

«Яго клалі тварам уніз. Вашаму бацьку стралялі ў спіну. (…) Я клянуся сваёй дачкою, здароўем сваёй дачкі, што мы затрымлівалі і забівалі Захаранку, Ганчара і Красоўскага».

«Я ніколі не меркавала, што спаткаю саўдзельніка забойства майго бацькі. (…) Я вам давяраю, я веру ў вашую гісторыю, інакш у нас не атрымалася б ніякай дыскусіі», – адказала Алена Захаранка.

Анатоль Лябедзька, былы старшыня Абʼяднанай Грамадзянскай Партыі, які запачаткаваў вулічныя акцыі з патрабаваннем знайсці зніклых палітыкаў, ухваляе, што Гараўскі пачаў гаварыць, і што пагадзіўся размаўляць з Аленаю Захаранкай:

«Зʼявіўся канкрэтны чалавек, які не спасылаецца на кагосьці, а сам кажа – я быў сярод забойцаў, я гатовы ісці на суд, на сапраўдны суд, а не Беларускі, які вырашаецца па тэлефонным званку».

Цяпер Гараўскі кажа пра гатовасць даць паказанні ў Стразбурзе, Нямеччыне ці Швейцарыі, дзе папрасіў палітычнага прытулку. Яшчэ ў першым рэпартажы «Дойчэ Вэле» былы спецназавец казаў пра стаўленне да айчыннага правасуддзя:

«Мяне ці арыштуюць, ці пасадзяць, я адпаведна не хацеў ні сядзець, ні даваць нейкія паказанні, ні быць ні за што абвінавачаным».

Ні за што – значыць, да прыкладу, за паклёп… Гараўскі стварыў спіс усіх датычных:

«Хто «убіраў», хто быў задзейнічаны… Усе загады аддаваліся ў вуснай форме».

Паводле яго, на загад тагачаснага дзяржсакратара Саўбезу Віктара Шэймана камандзір Дзмітрый Паўлючэнка і ягоныя падначаленыя з СОБР забілі зніклых палітыкаў. Паўлючэнка спрабаваў адмаўляць, што знаёмы з Гараўскім, хоць на гэтае фота «СБ» не дае хлусіць.

«Пракуратура і Следчы камітэт робяць выгляд, што быццам нехта нешта сказаў, але гэта жарты першага красавіка і мы ўсе маем усміхнуцца. Гэта дзівоснае стаўленне, і гэта ўсё больш узмацняе маю веру, што тыя прозвішчы, якія мы называем – забойцаў, арганізатараў і замоўнікаў, – гэта і ёсць праўда», – дадае палітык Анатоль Лябедзька, які адным з першых патрабаваў узнаўлення расследавання справы зніклых, якою і не займаліся, і не закрывалі, ня гледзячы на тэрмін даўніны. Узнавілі.

Выкраданні распачаліся ў сярэдзіне 99, калі знік экс-міністра МУС генерал Юрыя Захаранку, меркаваны і моцны супернік Лукашэнкі ў чарговых выбарах. Потым зніклі экс-кіраўнік Цэнтрвыбаркаму Віктар Ганчар і бізнесовец Анатоль Красоўскі, які падтрымліваў апазіцыю. Алена Захаранка распытвала сведку больш пра бацьку і яе цікавілі падрабязнасці, якія пераканалі – ён бачыў тое, пра што кажа.

Юлія Цяльпук, «Белсат»