Грамадзянская вайна Башара Асада ў Сірыі гэта амаль тое самае, што і Вялікая Айчынная. Так распачаў інтэрвʼю з сірыйскім дыктатарам працаўнік дзяржаўнага тэлеканалу ОНТ.
Башар Асад у аналогіях з Вялікай Айчыннай пайшоў далей: у Сірыі няма міжканфесійнай розні, сірыйскі народ абараняе дзяржаву, а хто супраць – тэрарысты. А тэрарыстаў дасылае Захад, каб насадзіць сваю – цытата -«псеўдасвабоду і ілжывую дэмакратыю».
«Тэрор – толькі інструмент для некаторых заходніх краінаў. Яны хочуць усталяваць такое ж сусветнае панаванне, як і нацысты ў свой час», – цвердзіць прэзідэнт Сірыі.
Параўнаць краіны Захаду і гітлераўскую Нямеччыну – гэта занадта нават для беларускага дзяржаўнага тэлебачання, дый у прынцыпе можа адбіцца на замежнапалітычных адносінах, даюць ацэнку адмыслоўцы.
«Гэта чыстай вады прапаганда і спроба маніпуляваць, найперш для ўнутрыбеларускай аўдыторыі, каб паказаць, што любая барацьба з дзейсным рэжымам і ўладай ляжыць дзесьці між тэрарызмам і нацызмам», – упэўнены Андрэй Паротнікаў, кіраўнік «Belarus Security Blog»
З жыхароў Менску, апытаных Белсатам, інтэрвʼю сірыйскага прэзідэнта не глядзеў амаль ніхто..
«Рухацца трэба за тымі краінамі, якія дасягнулі лепшага для жыцця сваіх людзей. У гэтым сэнсе Башар Асад не ўзор».
«Рэжымы падобныя, яны хіба добра разумеюць адно аднога».
«Яго іншыя лідары нармальных краінаў не прымаюць, таму яму нічога не застаецца, як сябраваць з Асадам і іншымі».
– кажуць жыхары беларускай сталіцы.
Кіраўнік Беларусі не толькі дасылае ў Дамаск самалёты з гуманітарнай дапамогай, але і абараняў інтарэсы Башара Асада з трыбуны Генеральнай Асамблеі ААН, патрабуючы не ўмешвацца ва ўнутраныя справы іншых дзяржаваў. За гэта Башар Асад таксама дзякаваў Лукашэнку на канале ОНТ.
Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі абвінавачваюць сірыйскага прэзідэнта ў шматлікіх ваенных злачынствах: расстрэлах дэманстрацыяў апазіцыі, катаваннях і забойствах палонных, у блакаванні гарадоў ад паставак медыкаментаў, ежы і вады, у бамбаваннях шпіталяў і мірнага насельніцтва. Апошні найбольш вядомы эпізод: хімічная атака на горад Хан Шэйхун з авіябазы Шайрат.
«Гэта кампанія, мэта якой была ў дэманізацыі сірыйскай дзяржавы ў вачах простага народа. І на нейкі час частка сірыйскага народа ў гэта паверыла. Але потым давялося выбіраць іншую тактыку – дэманізаваць сірыйскую дзяржаву ў вачах заходняга грамадскага меркавання, каб атрымаць падтрымку на ваеннае ўварванне», – даводзіць Аль-Асад.
Затое Беларусь разам з Расеяй – асноўны гулец на міжнароднай арэне ў абароне Сірыі, заявіў у інтэрвʼю Башар Асад.
«Сірыя, як дзяржава, спыніла сваё існаванне, на дадзены момант яна не існуе, і таму ніякай цікавасці, акрамя прапагандысцкай, акрамя лаяльнасці Крамлю, для беларускіх уладаў Дамаск не ўяўляе», – упэўнены спадар Паротнікаў.
А з эканамічнага гледзішча Менску больш цікавая супраца з Турцыяй, Катарам і Саудаўскай Аравіяй – краінамі, якія Башар Асад абвінавачваў у падтрымцы тэрарыстаў так званай «Ісламскай дзяржавы». Таму Лукашэнка лятае не ў Дамаск, а ў Доху.
Яраслаў Сцешык, «Белсат»