9-гадовая мадэль з пратэзамі ног збіраецца на Тыдзень моды ў Парыжы


Падабраць сукенку, зрабіць фрызуру і макіяж – і вобраз для фотасесіі гатовы. Гэтак пачынаецца працоўны дзень Дэйзі. Ёй 9. Яна – мадэль. Нічога незвычайнага, апроч таго, што дзяўчынка мае пратэзы ног.

«Гэтыя пратэзы зробленыя для бегу і працы мадэллю, але ў мяне ёсць яшчэ іншыя – для школы», – распавядае Дэйзі-Мэй Дэмітры, мадэль з інваліднасцю.

Абедзве нагі дзяўчыне ампутавалі, калі ёй было ўсяго 18 месяцаў. Паказаннем стаўся дэфект ад нараджэння – адсутнасць часткі малагалёначных касцей ног. Аднак Дэйзі падрасла і змагла давесці: ейнае месца – на подыуме.

«Я асаблівая праз свае ногі. Але часам я нават не адчуваю адрозненняў», – кажа Дэйзі.

Бацька Дэйзі Алекс Дэмітры дзеліцца:

«Я даў ёй абяцанне, што яна стане самым натхняльным чалавекам з ампутаванымі канцавінамі. Я зрабіў гэта таму, што пачаў піць, гуляць у азартныя гульні ды задумвацца пра самагубства, калі яна нарадзілася. Бо я баяўся інваліднасці і яе наступстваў. Але яна паказала мне, што была падарункам і змяніла маё жыццё».

Дзяўчынка пачала кар’еру ў Вялікай Брытаніі, дзе нарадзілася. Неўзабаве стала выступаць на подыумах Лондану, адкуль яе запрасілі супрацоўнічаць з дзіцячым брэндам «ад куцюр».

Заснавальніца дзіцячага брэнду «LULU ET GIGI» Эні Гэдендус-Б’юран распавядае:

«Мяне запыталі, ці будзе мне цікава мець мадэль з пратэзамі ног. Я падумала, што гэта бязглуздае пытанне, бо дзіця ёсць дзіця. Чаму б не? Гэтак мы сустрэліся і працягнулі супольнае падарожжа».

Заснавальніца брэнду «LULU ET GIGI» адвезла дзяўчынку на Тыдзень моды ў Нью-Ёрк. Там яна стала першаю мадэллю з ампутаванымі нагамі. Гэтаксама Дэйзі папрацавала на паказах у Іспаніі ды Аўстрыі.

«Дзеці больш адкрытыя, яны бачаць менш умоўнасцяў у адрозненні. Яны думаюць: я магу гэта зрабіць, я ў такой сама ступені варты. І гэта мэсідж нашай кампаніі, які б мы хацелі давесці да людзей», – тлумачыць заснавальніца «LULU ET GIGI».

На Тыдні моды ў Парыжы Дэйзі чакае новы для яе досвед. Сёння ў межах моднага паказу яна прадэфілюе на Эйфэлевай вежы.

Юлія Лабанава belsat.eu