31-ая лішняя: Лукашэнка пакуль адмовіўся падпісваць суверэнітэтабойчую «дарожную мапу»

Заяўлялі пра эканамічную супрацу, аказалася – палітычнае далучэнне Беларусі да Расеі са стратай часткі незалежнасці. На перамовах аб дарожных мапах інтэграцыі, як вынікае з заявы Дзмітрыя Мядзведзева, 31-я мапа была пра адзіную валюту. Паводле экспертаў, гаворка можа ісці пра расейскі рубель з эмісіяй у Маскве, да таго ж наднацыянальныя органы ўлады. Аляксандр Лукашэнка запэўнівае: ад адзінай валюты адмовіліся яшчэ на перамовах у Сочы.

Да канца года прэм’ер Мядзведзеў не плануе наведваць Менск: кажа, што інтэграцыйныя дакументы ўзгодненыя, справа толькі за подпісамі… Спачатку ТАСС, потым Інтэрфакс паведаміў:

«Мядзведзеў удакладніў, што гаворка ідзе пра «дарожныя мапы» з першай па трыццатую, пасля выканання якіх «можна будзе паглядзець і на 31-ю «дарожную мапу», прысвечаную далейшай інтэграцыі, уключна з такімі інстытутамі, як наднацыянальныя органы, адзіная валюта і адзіны эмісійны цэнтр».

Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей і прэм’ер-міністар Сяргей Румас запэўнівалі, што на гэтым этапе – інтэграцыя з Расеяй толькі эканамічная, хоць магчымага пераходу на наступны этап – ніхто не адмаўляў.

Аляксандр Цімашэнка, Нацбанк Беларусі: «На дадзеным этапе ніякая дарожная мапа са стварэннем адзінай валюты і адзінага эмісійнага цэнтру не разглядаецца».

Не разглядаецца але існуе – пацвердзіў сёння кіраўнік Беларусі: «Аснова – эканоміка. Ну і абарона, дыпламатыя… А 31-я мапа – гэта план будаўніцтва саюзу з наднацыянальнымі органамі. Мы наагул адмовіліся размаўляць на гэтую тэму яшчэ ў Сочы».

Маўляў, Мядзведзеў не ўдзельнічаў у перамовах у Сочы і не ведае, што Пуцін пагадзіўся не абмяркоўваць 31-ю дарожную мапу. Пуцін і Мядзведзеў абодва ведаюць што робяць – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

«Робіцца глеба пад тое, каб потым накінуць адзіную валюту, адзіныя органы кіравання, ажыццявіць мяккую інкарпарацыю Беларусі. Гэта імперскі план, ён проста завуаляваны, каб больш прыстойна выглядала».

Старэйшы ж аналітык кампаніі «ALPARI» Вадзім Іосуб лічыць, што валюты і адзінага эмісійнага цэнтру ў Саюзе не будзе ніколі:

«Галоўнае тое, што аддаць эмісійны цэнтр, аддаць сваю валюту ў чыесьці рукі – гэта азначае – пазбыцца вельмі сурʼёзнага кавалку абсалютнай улады. Наўрад ці Лукашэнка на гэта пойдзе».

Крамлёўскі дуэт умее настойваць. Напярэдадні Пуцін, а ўчора Мядзведзеў паўтарыў ультыматум: што падтрыманне ад Масквы ды кампенсацыі за брудную і «манеўраваную» нафту атрымаем толькі пасля падпісання і выканання інтэграцыйных дамоваў. За дзень перад падпісаннем першага пакету «дарожных мапаў», 5-га снежня прэмʼер Расеі заклікаў пакінуць страх:

«Нам пастаянна кажуць, што мы сваім суверэнітэтам паступацца не будзем. Так не трэба нічым паступацца – з аднаго боку… З іншага боку – любая інтэграцыя, нагадаю простую юрыдычную ісціну, – гэта частковае памяншэнне суверэнітэту».

У Расеі ёсць разуменне, што паглынуць Беларусь гэтаксама як, як Крым яна не можа – разважае палітолаг Андрэй Ляховіч:

«Таму прывязвае да сябе інакш, праз паслядоўнасць крокаў, званых спачатку сапраўднай, а цяпер паглыбленай інтэграцыяй. Гэта абʼяднанне грашовых сістэм і купля буйных беларускіх прадпрыемстваў, стварэнне наднацыянальных структур і чацвёрты крок – пашырэнне расейскага ваеннага прысутнасці ў Беларусі».

Не зацікаўленыя ў гэтым абсалютная большасць беларусаў, а не толькі яе лідар – паказалі ўсе аўтарытэтныя сацапытанні. Хоць прычыны на гэта ў звычайных людзей і лідара краіны – відавочна розныя.

Юлія Цяльпук belsat.eu

Глядзі таксама