Як сустракаюць 2023 год у свеце


Новы 2023 год кожная краіна святкуе ў розны час па сваім часовым поясе і ў шматлікіх краінах гэты новы год сустракаюць масава і сапраўды па-святочнаму, чаго нельга было зрабіць у мінулы год праз каронавірус.

Першымі 2023 год адзначылі жыхары Новай Зеландыі. Гэта адбылося а 14-й гадзіне беларускага часу.

У новазеландскім Оклэндзе святочны феерверк, паводле традыцыі, запускаюць з радыёвежы Скай-Таўэр. Гэта самая высокая пабудова ва ўсёй краіне – 328 метраў. Летась на Новы год мясцовыя ўлады выступалі супраць масавых гулянняў, бо трывала пандэмія. Сёння новазеландцы адзначаюць свята без ковідных абмежаванняў.

Сумавалі па феерверках і іхныя суседзі – аўстралійцы, да якіх Новы год прыйшоў на дзве гадзіны пазней. З пачатку пандэміі тут таксама не было традыцыйных салютаў. Сёлета на Новы год Сіднэй – самы вялікі горад Аўстраліі – расквітнеў агнямі. Паглядзець яскравае шоу сабраўся больш як мільён людзей.

Французы сустракаюць Новы год на дзве гадзіны пазней за беларусаў. Традыцыйна 31 снежня на поўдні краіны на пляжы Гарона ладзяць святочныя купанні. Маразоў тут няма, але надта цёплай ваду ў Міжземным моры не назавеш – плюс 16 градусаў. У забаве бяруць удзел і дарослыя, і дзеці. Мясцовыя журналісты пыталіся ў іх пра глабальнае пацяпленне.

«Я гэтым не пераймаюся. Гэта жыццё. Раней быў ледавіковы перыяд, цяпер цёпла», – кажа адзін з удзельнікаў купанняў.

Датчане ў моры не купаюцца, але феерверкі рыхтуюць. Апошнія пару гадоў у Даніі ўсё больш папулярнымі робяцца ціхія салюты. Іх продаж вырас на 30 адсоткаў. Агеньчыкі такія ж яскравыя, як і звычайныя, але ствараюць меней шуму. Таму не палохаюць хатніх улюбёнцаў.

На гадзіну пазней за беларусаў сустрэнуць Новы год украінцы. Не ўсе ўкраінцы сёння маюць святочны настрой, але вераць у перамогу.

«Трошкі сумна, што так усё адбываецца. Але трымаем казацкі драйв. І верым, што 2023 год – гэта год перамогі. І для Украіны, і для ўсяго свету, я мяркую. А для Расеі – гэта распад імперыі», – кажа жыхарка Кіева.

Галоўная ялінка ў Кіеве сёлета надзвычай сціплая, калі параўноўваць з мінулымі гадамі. Ілюмінацыі мінімум. Бо час ваенны, з электрычнасцю перабоі, трываюць абстрэлы расейскімі ракетамі ды іранскімі дронамі.

Валянцін Васіленка, «Белсат»