Што трэба памятаць кіроўцам маршрутак?


У відэа, дзе аўтар здымаў перапоўненую маршрутку, кіроўца не назваў сябе на патрабаванне патэнцыйнага пасажыра. «Зачыняй дзверы, трэба ехаць», – сказаў кіроўца. Неўзабаве такое наўрад ці будзе магчыма, бо кіроўцам рэкамендуюць мець бэйджы. Памятку пад назвай «Культура пасажырскіх перавозак: гасціннасць, сэрвіс, этыкет кіроўцаў і пасажыраў» распрацавалі Міжрэгіянальная асацыяцыя перавознікаў і творчае аб’яднанне «Адкрыты ўніверсітэт».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ёсць людзі, псіхолагі, якія разумеюць, што рабіць і як рабіць, і трэба падвучыць трохі кіроўцаў. Тут я нічога дрэннага не бачу, вельмі добра, што хтосьці ім дапамагае», – лічыць кіраўнік аўташколы «Denis Drive» Дзяніс Герасімчык.

У памятцы кіроўцам рэкамендуюць, як арганізаваць камфортную паездку. Раяць быць пунктуальнымі і ветлівымі, гучна абвяшчаць прыпынкі, не абмяркоўваць пытанняў палітыкі і рэлігіі. А таксама ўключаць ацяпленне або кандыцыянер падчас паездкі і не забывацца прыбіраць салон. Араматызатар жа, паводле аўтараў інструкцыі, лепш выкарыстоўваць з цытрусавым пахам, бо ён, маўляў, несвядома стварае пазітыўны настрой.

Аўтары лічаць, што распрацаваная інструкцыя дапаможа ўзняць прэстыж прафесіі кіроўцы, зрабіць яе больш прывабнай і бяспечнай. Але як ні апранай кіроўцу і які араматызатар не размяшчай у салоне, арганізаваць камфортную паездку і стварыць пазітыўны настрой ва ўмовах перапоўненай маршруткі не проста.

Каб паехаць у кірунку Жодзіна, Барысава, Лагойску, у чаканні транспарту людзі гадзіны праводзяць у чэргах. Паводле нашага апытання ў сацсетках, толькі кожны чацвёрты з пасажыраў не мае заўваг да маршрутак. Сярод праблемаў маршрутных перавозак называюць перапоўнены транспарт, тэхнічны стан аўтамабіляў, культуру кіравання.

Маршрутнае таксі едзе па трасе Магілёў – Менск, Магілёўская вобласць, траса М4. 8 чэрвеня 2021 года.
Фота: АЗ / Белсат

«Празмернае ўмяшанне дзяржавы, якая імкнецца манапалізаваць сферу і абмяжоўвае прыватных перавознікаў, якія маглі закрываць некаторыя кірункі і разгружаць перагружаныя маршруты», – так акрэслівае прычыну праблемы эксперт у самакіраванні, былы дэпутат Мастоўскага раённага савету дэпутатаў Зміцер Кухлей.

Да прыкладу, «Менаблаўтатранс» у верасні адмяніў з дзясятак штодзённых рэйсаў паміж Барысавам і Менскам у абодвух кірунках. Прычына – недахоп кіроўцаў і рамонт «значнай часткі транспартавых сродкаў». Колькасць кіроўцаў змяншаецца, бо людзі сыходзяць як праз малыя заробкі, так і праз палітычны пераслед, адзначае Зміцер Кухлей. Да таго ж…

«Грошы пераразмяркоўваюцца, мы бачым, на іншыя напрамкі – на сілавікоў, або ваенную падрыхтоўку. На гэтыя сферы ўвесь час скарачаюцца сродкі і адбываюцца такія накладкі, калі перапоўненасць або няшмат рэйсаў», – кажа Зміцер Кухлей.

Днямі кіраўнік «Менсктрансу» Аляксей Ляхновіч заяўляў, што рыхтуецца праект указу аб працы маршрутных таксі. Між іншага плануецца стварыць рэестр маршрутчыкаў, занясенне ў які будзе платнае. Што таксама наўрад ці паспрыяе павелічэнню колькасці перавознікаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»