Паміж беларусамі і вагнэраўцамі Лукашэнка выбраў вагнэраўцаў


Маўчаў тры дні, а на чацвёрты абвінаваціў суседзяў у агрэсіўнасці. Аляксандр Лукашэнка адказаў на ўльтыматум Польшчы і краінаў Балтыі з патрабаваннем вывесці з Беларусі баевікоў Групы Вагнэра і спыніць арганізацыю масавай нелегальнай міграцыі. Іначай закрыюць межы. Асноўны пасыл Лукашэнкі на Савеце Бяспекі: нармалізацыі не будзе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У сваім Палацы на праспекце Пераможцаў у Менску Лукашэнка сабраў сваіх сілавікоў, каб даць ім старую ўстаноўку: вораг ля брамы, краіны NATO нарошчваюць сілы ля межаў і рыхтуюць баевікоў для ягонага звяржэння.

«Кіраўніцтва Польшчы і краін Балтыі нагнятае істэрыю наконт прысутнасці на тэрыторыі Беларусі супрацоўнікаў прыватнай ваеннай кампаніі “Вагнэр”. Яны дастукаліся да таго, што патрабуюць ужо неадкладнага вывядзення іх з Беларусі. Пры гэтым самі павялічваюць ваенныя бюджэты, сцягваюць да нашых граніц буйныя воінскія фармаванні», – выступаў Лукашэнка перад генераламі.

Пры гэтым Лукашэнка не згадаў, што летась дазволіў Расеі атакаваць Украіну з беларускай тэрыторыі. Хоць сам абяцаў украінцам, што гэтага не будзе ніколі.

«Спачатку Масква пачала свае агрэсіўныя дзеянні, а потым ужо палякі і іншыя бліжэй да мяжы перасунулі свае кантынгенты і прасіць падмогі ад іншых краінаў NATO. І ў прыватнасці з’яўленне групы Вагнэра ў Беларусі ўзмацніла напружанасць», – тлумачыць палітычны аналітык праекту «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

Прыбраць з Беларусі вагнэраўцаў і спыніць арганізаваную масавую нелегальную міграцыю – ультыматум да Лукашэнкі прагучаў у панядзелак у Варшаве ад міністраў унутраных справаў і краінаў Балтыі. Чатыры дзяржавы распрацавалі механізм, які дазволіць ім адначасова ў пару гадзінаў цалкам зачыніць мяжу з Беларуссю, калі раптам адбудзецца памежны інцыдэнт з ужываннем зброі або масавы прарыў мяжы нелегальнымі мігрантамі. Лукашэнка адказаў толькі ў чацвер.

«Ні ў Польшчы, ні ў Літве, ні ў іншых краінах Балтыі не павінна быць ніводнага замежнага ваеннаслужачага. Тады можна і нам прадстаўляць прэтэнзіі наконт прысутнасці тут ваеннаслужачых з іншых краін», – агучыў свае патрабаванні ваенны дыктатар.

Хаця гаворка ішла нават не пра расейцаў на нашай зямлі, а пра баевікоў Групы Вагнэра, прызнанай злачыннай і тэрарыстычнай арганізацыяй у шэрагу краінаў свету.

«Лукашэнка высоўвае апрыёры невыканальныя для процілеглага боку патрабаванні. Гэтаксама рабіў у свой час Пуцін, каб мець зачэпку для пачатку вайны супраць Украіны. Так і тут. Ну не могуць натаўцы цяпер адвесці свае войскі», – звяртае ўвагу Аляксандр Класкоўскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Сочы, Расея. 9 чэрвеня 2023 года.
Фота: president.gov.by

Арганізаваная сілавікамі Лукашэнкі масавая нелегальная міграцыя, прысутнасць вагнэраўцаў і памежныя правакацыі – нават з беларускімі баявымі верталётамі – стала і ўнутрыпалітычнай тэмай у той жа Польшчы. Кіроўная партыя «Закон і справядлівасць» ідзе на выбары з лозунгам: «мурам за польскім мундурам». Разам з парламенцкімі выбарамі адбудзецца і рэферэндум аб захаванні агароджы на мяжы з Беларуссю.

«Мне падаецца, у гэты момант няма нічога больш істотнага для нашых грамадзянаў, чым бяспека ў шырокім сэнсе гэтага слова. Вайсковая бяспека, гаспадарчая, у пытанні здароўя, эканамічная бяспека. Таму рэферэндум патрэбны і будзе праведзены», – заявіў журналістам дэпутат партыі «Закон і справядлівасць» Пётр Калета.

«Гэта не рэферэндум, гэта толькі выбарчая кампанія партыі “Закон і справядлівасць”», – мяркуе старшыня апазіцыйнай фракцыі «Грамадзянская кааліцыя» Борыс Будка.

Пры гэтым Варшава прапаноўвае Лукашэнку адкрыць пару раней зачыненых памежных пераходаў, калі той прыбярэ з Беларусі вагнэраўцаў і закрые канал нелегальнай міграцыі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»