ПВК Вагнэра плануе атакі на Польшчу?


Кіраўніцтва Польшчы, Літвы і Латвіі сёння амаль адначасова заявіла пра магчымасць правакацыі з боку групы Вагнэра, якую Лукашэнка прытуліў у Беларусі. Заявы прагучалі на фоне намёкаў Лукашэнкі, што прыгожынскія баевікі просяцца прагуляцца ў Польшчу. Навошта Масква і Менск пужаюць Захад вагнэраўцамі? І ці ўяўляюць яны рэальную небяспеку для краінаў – суседак Беларусі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пагрозы для Польшчы ад прысутнасці ПВК Вагнэра ў Беларусі растуць, заявіў польскі прэм’ер Матэўш Маравецкі. Ён згадаў, у прыватнасці, перасоўванне часткі вагнэраўцаў у Горадню.

«Навошта яны гэта зрабілі? Відавочна, гэта крок да гібрыднай атакі на тэрыторыю Польшчы. Імаверна, яны пераапрануцца ў беларускіх памежнікаў і будуць дапамагаць нелегальным мігрантам перабрацца ў Польшчу. Таксама яны могуць старацца трапіць на польскую тэрыторыю, удаючы з сябе нелегальных мігрантаў», – сказаў Матэўш Маравецкі.

Лукашэнка і Пуцін актыўна гуляюць антыпольскую карту. Бо Польшча – адзін з галоўных саюзнікаў Украіны, кажа палітолаг Валер Карбалевіч. Акурат прыдаліся дзеля гэтага баевікі групы Вагнэра.

«Кампанія зʼявілася ў Беларусі, і трэба неяк яе выкарыстоўваць, інструменталізаваць, надаць ёй нейкі сэнс, нейкую ролю», – разважае Валер Карбалевіч.

Ці сапраўды здольныя нашкодзіць Польшчы вагнэраўцы, якіх, паводле ацэнак украінскіх вайскоўцаў, Беларусь можа прыняць да васьмі тысячаў?

«Восем тысячаў для вайсковай аперацыі? Без танкаў, без артылерыі, выключна на “Буханках” і пікапах з кулямётамі “Максім”? Гэта не вайсковы функцыянал», – кажа ўкраінскі ваенны аглядальнік Аляксандр Каваленка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сумесныя вучэнні інструктараў ПВК Вагнэра і беларускіх вайскоўцаў.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Лукашэнка, аднак, ці не адкрыта пагражае рэйдам наймітаў у Польшчу.

«Гэта вартая жалю бравада. З іншага боку, трэба разумець, што ў ПВК Вагнэра гібрыдны функцыянал. Трэба прызнаць, што гэтыя аддзелы добрыя ў дыверсійна-тэрарыстычнай дзейнасці», – мяркуе Аляксандр Каваленка.

Аднак вылазкі баевікоў цалкам імаверныя, кажа палітычны аналітык Віталь Портнікаў. Прычым Пуцін і Лукашэнка могуць адмаўляць сваю датычнасць.

«То Пуцін кажа, што ён тут ні пры чым. То Лукашэнка кажа, што не можа стрымаць вагнэраўцаў. Яны разыгрываюць спектакль. Яны кажуць Захаду: вы можаце ў гэты спектакль паверыць – і тады мы будзем ладзіць гэтыя тэрарыстычныя вылазкі час ад часу. А калі не паверыце – будзем ваяваць. Маўляў, мы гатовыя. Вось так гэта будзе выглядаць – як псіхічная атака. Хаця ніхто не кажа, што вылазкі будуць адбывацца насамрэч», – мяркуе Віталь Портнікаў.

Ці пойдзе Пуцін на эскалацыю ажно да вайны супраць NATO? Каб гэтага пазбегчы, Захад мае заявіць пра адказнасць Крамля за дзеянні прыгожынскіх наймітаў, зазначае наш эксперт.

«І другі момант – тое, што робіць прэзідэнт Байдэн. Калі ён кажа, што будзе бараніць кожную цалю тэрыторыі краіны-сябра NATO. Гэта тое, што Пуцін мае выразна ўсведамляць. Разумець, што ён адказвае і што яму адказ будзе», – дадае Віталь Портнікаў.

З увагі на ПВК Вагнэра ў Беларусі Польшча ўзмацняе сваю ўсходнюю мяжу. Пра гатовасць рэагаваць на правакацыі з боку баевікоў сёння ці не адначасова заявілі таксама прэзідэнты Літвы і Латвіі.

Валянцін Васіленка, «Белсат»