Сёння адзначаюць Сусветны дзень без тытуню


А ці ведаеце, што адна цыгарэта крадзе 5 хвілінаў вашага жыцця? Пры працяглым стажы курцы губляюць 14 гадоў. Мо варта задумацца, як звычка хадзіць на перакур шкодзіць вашаму здароўю? І як можа палепшыцца яго якасць пры адмове ад цыгарэтаў. Акурат сёння ёсць нагода – Сусветны дзень без тытуню.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

З 8-мі мільярдаў чалавек тытунь ужываюць амаль паўтара мільярда. Штогод больш за 6 мільёнаў з іх паміраюць ад звязанага з тытунём інфаркту міякарда, інсульту, раку ды іншых хваробаў. Больш за 600 тысячаў чалавек паміраюць ад пасіўнага курэння.

«Дым цыгарэтаў змяшчае больш за 4000 хімічных элементаў. 250 з іх – гэта шкодныя элементы, каля 40-50 – канцэрагенныя, гэта значыць, тыя, якія могуць выклікаць анкалагічныя захворванні», – паведаміў тэрапеўт Антон Юран.

У Беларусі статыстыка не менш сумная. Курыць кожны другі мужчына і кожная дзясятая жанчына. Тытунь б’е не толькі па здароўі, але і па гаманцы. Пры спажыванні аднаго пачка цыгарэтаў за дзень беларусы трацяць каля 584-ох долараў за год.

«Тытунёвая галіна – адна з самых прыбытковых. Калісьці Лукашэнка казаў, што яна прыносіць у бюджэт дзесьці паўмільярда долараў за кошт акцызаў. То бок дзяржава моцна папаўняе казану за кошт вырабу і продажу цыгарэтаў», – заявіў чалец Беларускага расследавальніцкага цэнтру Алесь Ярашэвіч.

Вытворчасцю цыгарэтаў у нашай краіне займаецца Гарадзенская тытунёвая фабрыка, а таксама кампаніі набліжаных да Лукашэнкі бізнесоўцаў Паўла Тапузідыса і Аляксея Алексіна, якому належаць і шапікі «Табакерка». Паводле апошніх адкрытых звестак, за 2021-шы год у Беларусі вырабілі 34 мільярды цыгарэтаў. І толькі палову з іх спажываюць унутры краіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія цыгарэты. Менск, Беларусь. 1 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

«Ладная частка гэтых вырабленых у Беларусі цыгарэт – яна проста кантрабандай раствараецца ў Расеі і Еўразвязе – гэта асноўныя накірункі руху кантрабандных цыгарэт, вырабленых у Беларусі», – дадаў Алесь Ярашэвіч.

Такім чынам, адмаўленне ад курэння можа ўдарыць па гаманцах хаўруснікаў Лукашэнкі. А таксама палепшыць вашае здароўе. Хоць, вядома, ад такой залежнасці пазбавіцца няпроста. Пра свой досвед адмовы ад шкоднай звычкі нам распавёў Ягор.

«Канкрэтнага адзінага трыгеру не было. Сутнасць у тым, што псіхалагічна назапасілася мая гэтая незадаволенасць тым, што я ўсведамляю, што сябе забіваю і ўсё роўна працягваю гэта рабіць», – распавёў былы курэц Ягор Скрабнеўскі.

Ужываў маладзён і сучасныя сродкі, якія маркетолагі падаюць як меней шкодныя для чалавека, чымся звычайныя цыгарэты.

«Спрабаваў пераходзіць на вэйпы, на розныя награвальныя сістэмы тытуню, але нічога гэтага не дапамагала і я вырашыў, што трэба проста адмовіцца. Скасаваць паленне са свайго жыцця», – дадаў Ягор.

Акурат ад альтэрнатываў тытунёвым цыгарэтам засцерагаюць дактары, бо іх уздзеянне на арганізм недастаткова даследаванае.

«Электронныя папяросы і вэйпы – гэта ўсё сродкі, якія таксама могуць быць шкодныя для арганізму», – падсумаваў тэрапеўт Антон Юран.

Гэтак, трэба прыняць той факт, што бяспечных прыладаў для курэння не існуе.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»