Што чакае беларусаў у чэрвені?


Лета – час адпачынкаў, вакацыяў, лецішчаў. А яшчэ – новых тарыфаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. З першага чэрвеня давядзецца больш выдаткоўваць на электрычную і цеплавую энергію, прыродны газ для ацяплення. Агулам рост складзе 4 рублі 39 капеек. Гэта ўжо другое падаражэнне сёлета. З пачатку года квітанцыі беларусаў пацяжэлі амаль на 14 рублёў. Асноўныя ж прычыны павышэння тарыфаў – расейская агрэсія ва Украіне і крэдыты, якія набраў Лукашэнка на АЭС, мяркуе эканамічная журналістка Таццяна Каліноўская.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Акрамя таго, што будавалася АЭС, будавалася і інфраструктура. Мадэрнізаваліся з улікам пуску гэтай АЭС беларускія ЦЭЦ. Гэта таксама затраты, і затраты мільярдныя. Найперш гэта кітайскі крэдыт. Крэдыты трэба выплочваць – паспрабуй кітайцам не выплаціць крэдыту», – дадае Таццяна Каліноўская.

Фота мае ілюстратыўны характар. Жыроўка.
Фота: Белсат

Давядзецца выкласці больш грошай і кіроўцам цяжкавікоў за праезд па платных дарогах. 1 кіламетр для транспарту масаю больш за тры з паловаю тоны з дзвюма восямі стане каштаваць 10 еўрацэнтаў. З аналагічнаю масай, але з трыма і чатырма восямі – 12 і 15 еўрацэнтаў адпаведна.

Кіроўцы ж легкавікоў на замежных нумарах заплацяць 18 еўраў за 15 дзён карыстання беларускімі дарогамі.

«У цяперашняй сітуацыі, калі з палітычных прычынаў міжнародны гандаль у Беларусі правісае, яе традыцыйная пасярэдніцкая роля нівелюецца, замарожаная, яны больш смела могуць на гэта ісці, бо губляць няма чаго. Гэта будзе закладацца ў цэннік тавараў, якія будуць трапляць на прылавак», – кажа эканаміст Алесь Чайчыц.

Беларускія ж аўтаўладальнікі з 1-га чэрвеня больш не змогуць выкарыстоўваць міжнародны поліс страхавання «Зялёная карта» на тэрыторыі Еўразвязу, Вялікай Брытаніі, Нарвегіі, Швейцарыі ды Ісландыі. Дамову страхавання аўта давядзецца заключаць на тэрыторыі краіны ўезду.

У Літве страхоўка на 15 дзён абыдзецца ў 21 еўра. У Польшчы ды Латвіі мінімальны тэрміны дамовы – 30 дзён – каштуюць 37 і 50 еўраў адпаведна.

Не ў лепшы бок зменяцца ўмовы працы для ІП. Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні змяненні ў Закон аб прадпрымальніцкай дзейнасці. Канкрэтыкі пакуль не паведамляюць, але эксперты чакаюць звужэння пераліку відаў дзейнасці, якімі могуць займацца ІП. Напрыклад, могуць выключыць аптовы гандаль і аказанне турыстычных паслуг.

«Закрыецца шмат такіх ІП у турызме. Калі памятаеце, жанчыны сядзелі недзе на ўскраінах, у ГЦ, займалі маленькія кабінецікі – яны шмат не зараблялі. Але гэта была ім нармальная падтрымка, каб пражыць, гадаваць дзяцей», – дадае Таццяна Каліноўская.

«Гэта крок яшчэ ў тым кірунку, каб больш рэгуляваць, больш абкласці падаткамі, больш выціснуць грошай з прыватнага бізнесу, больш людзей скіроўваць на тое, каб яны не займаліся незалежнай аўтаномнай прадпрымальніцкай дзейнасцю, а былі больш завязаныя на дзяржаўную эканоміку», – кажа Алесь Чайчыц.

Да заўтра фізічным асобам трэба паспець аплаціць падаходны падатак за мінулы год. Ці чакае налічэнне пені і нават штраф, які можа складаць ад 15-ці да 40-ка адсоткаў ад нявыплачанага падатку.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»