Лукашэнка: «Прыйдзе час – мы разбярэмся і з імі»


«Прыйдзе час – мы разбярэмся і з імі», – пагражаў сёння Лукашэнка тым украінцам, якія па яго версіі вінаватыя ў смерці двух беларускіх даальнабойнікаў ва Украіне сёлета ў сакавіку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Асаблівая крывадушнасць гэтай заявы ў тым, што, паводле старшыні Корасценьскай грамады Уладзіміра Маскаленкі, расейскія самалёты, якія 10 сакавіка бамбавалі ўкраінскі Корасцень, выляталі з беларускіх аэрадромаў. Падчас гэтых атак, імаверна, і загінулі дальнабойнікі з Мазыра.

Яшчэ некалькі дзясяткаў беларусаў, якія, са словаў Лукашэнкі, былі ва ўкраінскім палоне, удалося вярнуць дадому ў выніку спецаперацыі, пра якую ён згадваў яшчэ ў красавіку. Гэтая спецаперацыя і сталася нагодай узнагародзіць кадэбэшнікаў:

«З вашым непасрэдным удзелам і пад вашым кіраўніцтвам я так разумею была ажыццёўлена гэтая аперацыя. Без адзінага стрэлу, па-мойму, ніхто нават не разабраўся ва Украіне як гэта здарылася».

Ці перабывалі беларускія сілавікі незаконна на тэрыторыі суседняй дзяржавы? Паводле палітычнага аглядальніка Віталя Цыганкова, ёсць падставы сумнявацца ў праўдзівасці гэтай гісторыі:

«Ва Украіне быў бы скандал, калі б нейкая беларускія сілавікі праніклі на тэрыторыю, кагосьці там выкралі, гэта была б як мінімум падстава для нейкіх разборак».

Са словаў аглядальніка, падобныя заявы скіраваныя найперш на беларусаў. Маўляў, паглядзіце, нашыя героі ў пагонах здольныя не толькі збіваць і катаваць уласны народ, але і ратаваць. Ва Украіне ж на рыторыку Лукашэнкі ўжо даўно перасталі звяртаць увагу.

Віталь Цыганкоў кажа:

«Я сумняваюся, што вось такая аперацыя магла адбыцца без усялякага ведама ўкраінскага боку. Можа ўкраінцы нешта ў адказ зрабілі, паабяцалі. А Лукашэнка цяпер прадстаўляе гэта як дзеянні гераічных беларускіх спецслужбаў. Зразумела, што іншых нейкіх момантаў гераізму ім не прадставіцца».

Целы загінулых ва Украіне беларускіх дальнабойнікаў Дзмітрыя Шыльца ды Івана Рогава прывезлі на радзіму ў сярэдзіне сакавіка. Тады расейскія войскі актыўна выкарыстоўвалі беларускую тэрыторыю для атак на Украіну. У афіцыйным паведамленні пра вяртанне парэшткаў беларускіх грамадзянаў ні словам не згадвалася аб прычынах гібелі.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»