У гэты дзень 30 гадоў таму ў сталічным Чырвоным касцёле было абвешчана пра стварэнне Аргкамітэту Народнага Фронту «Адраджэнне». Праз два гады дзякуючы дэпутатам Фронту ў Вярхоўным Савеце будзе прынятая дэкларацыя аб суверэнітэце. Як згадваюць падзеі трыццацігадовай даўніны галоўныя ўдзельнікі ды заснавальнікі «Адраджэння»?
Падзеі трыццацігадовай даўніны з нашай перспектывы – гэта разгар перабудовы, усяго праз год абрынецца Берлінскі мур, а за ім паляціць і ўся савецкая сістэма. Але ніхто пра гэта не мог і здагадвацца ў кастрычніцкі вечар 88-га года ў менскім Чырвоным касцёле, дзе тады размяшчаўся Дом Кіно.
«Там былі і прадстаўнікі партыйных органаў, і КДБ, але сапраўды – мы тады прыйшлі з Уладзімірам Арловым, Сяргеем Дубаўцом – нам адчувалася натхнёная атмасфера, было адчуванне, што дзеецца гісторыя, дзеецца нейкая гістарычная падзея», – узгадвае Сяргей Навумчык.
Тое меў быць устаноўчы сход грамадска-асветніцкага таварыства «Мартыралог Беларусі». У чэрвені таго ж года выйшаў артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва, які раскрыў страшную таямніцу ўрочышча Курапаты. Сход абраў уласна Пазняка старшынём «Мартыралогу», а той нечакана для камуністаў абвесціў пра стварэнне аргкамітэту Народнага Фронту.
«Уся гэтая наменклатура – там былі і прадстаўнікі ЦК, што прыйшлі гэта ўсё не дапусціць. Яны апынуліся пры стварэнні БНФ. Яны галасавалі супраць, але яны там былі!», – кажа старшыня КХП-БНФ Зянон Пазняк.
І такім чынам міжволі легалізавалі не толькі «Мартыралог Беларусі», але і Беларускі Народны Фронт. Удзельнікі таго галасавання згадваюць, што ўжо тады Зянон Пазняк раіў рыхтавацца да развалу СССР. Але большасць толькі марыла пра такі сцэнар.
«Ці былі мы наіўнымі рамантыкамі? Я думаю, што не былі. Я, скажам, думаў, што незалежнасці мы зможам дамагчыся, ну недзе гадоў праз пятнаццаць. А ўжо праз два гады я галасаваў за Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце, а яшчэ праз год я галасаваў за незалежнасць», – расказвае Сяргей Навумчык.
Камуністы былі не гатовыя таксама і да шэсця ў Курапаты, якое правёў БНФ ужо 30-га кастрычніка.
«Там быў ужыты газ, і шмат каго з аўтарытэтных людзей – скажам, і Янку Брыля, і Валерыя Раеўскага, – яны іх проста зняважылі. І пасля гэтай ганьбы камуністычнай, дзе яны праваліліся з гэтай правакацыяй, інтэлігенцыя адвярнулася ад КПСС», – узгадвае старшыня КХП-БНФ Зянон Пазняк.
Стваральнік БНФ Зянон Пазняк у 1996 годзе эміграваў з Беларусі. А напрыканцы стагоддзя партыя раскалолася на дзве часткі, кожная з якіх лічыць сябе нашчадкам арганізацыі з 30-гадовай гісторыяй.
Сёння не кожны з апытаных намі менчукоў і ўзгадае, што такое БНФ:
«Беларускі Народны Фронт – ну, гэта звязана з Вялікай Айчыннай Вайной».
«Гэта арганізацыя, якая спрабавала вакол сябе сабраць людзей, што стаяць за незалежнасць краіны».
«Ну, магчыма гэта звязана з незалежнасцю грамадзянаў… З нейкімі палітычнымі момантамі».
«Яны выступаюць супраць улады Лукашэнкі ў прынцыпе – асноўныя крытэрыі гэтага БНФ».
Свае Народныя Фронты былі ледзь не ў кожнай савецкай рэспубліцы. Чаму захаваўся толькі Беларускі?
«Народныя Фронты ў Латвіі, Літве, Эстоніі, Грузіі, Украіне спынілі сваё існаванне, даўшы пачатак новым палітычным партыям і плыням. А паколькі ў Беларусі нічога не адбылося ў плане дэмакратызацыі – Народны Фронт захаваўся», – тлумачыць філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.
Як захавала актуальнасць і большая частка парадку дня Беларускага Народнага Фронту. Адраджэнне Незалежнасці – замацаваць дэ-факта тое, што маем дэ-юрэ.
Усевалад Шлыкаў, belsat.eu