Ці будзе створаны «СССР 2.0»?


Роўна сто гадоў таму быў утвораны Савецкі Саюз. Камуністычная дзяржава, што праіснавала амаль 70 гадоў, але распалася з шэрагу эканамічных і палітычных прычынаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэтая мадэль была заснаваная на несвабодзе. А калі няма свабоды, то няма канкурэнцыі. Таму гэтая мадэль пачаткова была нежыццяздольнай», – кажа палітолаг з Віленскага ўніверсітэту Віціс Юрконіс.

Але праз 30 гадоў на постсавецкай прасторы квітнее туга па савецкім часе.

«Шмат у каго ёсць патэрналісцкія настроі ў дачыненні да дзяржавы. Дзяржава мусіць за нас вырашаць усе нашыя праблемы, закрываць усе нашыя патрэбы. І гэта вельмі прыемная для чалавека сітуацыя, калі ты ні за што не адказваеш, а адказвае за ўсё дзяржава», – мяркуе даследчык сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Станкевіч.

У пачатку «нулявых» рэваншысцкія настроі выразна праявіліся ў расейскай палітычнай эліце і ў грамадстве. Усё гучней казалі пра аднаўленне былой велічы, як за часамі СССР. Перадумовай, на думку пісьменніка Віктара Шэндэровіча, быў правал рэформаў у 90-я.

«Кроў, раскраданне, хаўрусніцтва ўлады з бандытамі. Таму народ чакаў вяртання нейкага парадку, таму з’явілася настальгія. Пуцін стаў яе ўвасабленнем», – кажа Віктар Шэндэровіч.

Крэмль паслядоўна аднаўляе свой уплыў на тэрыторыях былога СССР. Дамову з Беларуссю пра саюзную дзяржаву падпісваюць яшчэ за Ельцыным. У часы Пуціна Расея не дае Грузіі вярнуць кантроль на Абхазіяй і Паўднёвай Асеціяй, трымае войскі ў Прыднястроўі. Потым – анексія Крыму і ўтварэнне на Данбасе пракрамлёўскіх квазірэспублік. Сёлета – поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну. Імаверна, планы Пуціна раскрыў артыкул, які падрыхтавалі расейскія прапагандысты. У ім перамога над Украінай і стварэнне новага саюзу падаваліся як тое, што ўжо фактычна адбылося.

«Расея аднаўляе сваё адзінства – трагедыя 1991 года, гэтай страшнай катастрофы нашай гісторыі, яе супрацьнатуральны вывіх, пераадоленыя… Расея аднаўляе сваю гістарычную поўнасць, збіраючы расейскі свет, расейскі народ разам – ва ўсёй яго сукупнасці вялікаросаў, беларусаў і маларосаў», – пісаў аўтар артыкулу, што зʼявіўся на «РИА Новости» 26 лютага, але адразу быў выдалены.

Украінцы адмовіліся здавацца і нават пачала вызваляць свае тэрыторыі, якія Расея паспела фармальна ўключыць у свой склад. Масква яшчэ здольная ваяваць і праліваць кроў, але імперыя на мяжы распаду, мяркуе Віктар Шэндэровіч.

«У сярэднярасейскай паласе няшчаснага Ваньку яшчэ можна надурыць імперскай веліччу: маўляў, ты, Ванька, жывеш кепска і нядоўга, але цябе ўсе паважаюць і баяцца. Але як патлумачыць якуцкай маме, чаму ейнага сына трэба аддаць на гарматнае мяса ў Лугандоніі?» – кажа Віктар Шэндэровіч.

Украіна ж падавала расейцам дрэнны, з пункту гледжання Пуціна, прыклад дэмакратычнага развіцця, мяркуе палітолаг Віціс Юрконіс.

«Уладзімір Пуцін баіцца гісторыі поспеху Украіны. Вайна, разбурэнне інфраструктуры – усё, аддаліць эканамічны дабрабыт і еўраатлантычную інтэграцыю Украіны», – кажа Віціс Юрконіс.

З той самай мэтай, на думку палітолага, Пуцін падтрымаў Лукашэнку ў 2020-м годзе. Каб краіны былога СССР не мелі іншай альтэрнатывы, акрамя інтэграцыі з Расеяй.

Валянцін Васіленка, «Белсат»