Памёр Гэнры Кісінджэр


Дамаўляцца можна з усімі. Вядомыя словы дарадцы ў справе нацыянальнай бяспекі і дзяржаўнага сакратара пры двух прэзідэнтах ЗША. Фактычна ж – шэрага кардынала амерыканскай палітыкі 20-га стагоддзя, які кансультаваў агулам 12 амерыканскіх прэзідэнтаў – ад Джона Кенэдзі да Джо Байдэна. Такіх вышыняў дасягнуў габрэйскі ўцякач нямецкага паходжання Гайнц Альфрэд Кісінгер, больш вядомы ў гісторыі як Гэнры Кісінджэр.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ён лічыў ЗША ратавальным кругам, у які ён трапіў. Гэта, напэўна, і прымушала яго працаваць на карысць ЗША гэтак, як сабе ўяўляў», – кажа амерыканістка Аляксандра Філіпенка.

А працаваў ён шмат і да апошніх сваіх гадоў. Зорны час Кісінджэра прыпаў на 1970-ыя гады. Тады ён выступіў ініцыятарам дыялогу з СССР, што прывяло да наладжвання стасункаў у перыяд халоднай вайны: запавольвання гонкі ўзбраенняў, заключэння паміж дзвюма краінамі дамоваў пра кантроль над ядраваю зброяй.

«Потым гэта, канешне, прызнанне КНР і збліжэнне з Кітаем, такая арганізацыя амерыкана-кітайскае сяброўства супраць СССР, трэцяя значная падзея – В’етнамская вайна. Перамовы з прадстаўнікамі паўночнага Вʼетнаму», – дадае кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

Таксама Кісінджэр спрыяў пашырэнню сувязяў паміж Ізраілем і яго арабскімі суседзямі, што дасюль дапамагае існаваць ізраільскай дзяржаве.

Аднак некаторыя аспекты дзейнасці Кісінджэра падабаліся далёка не ўсім у ЗША і свеце. Крытыкавалі палітыка ў тым ліку, напрыклад, за адмову ад амерыканскіх каштоўнасцяў. Асабліва ў галіне правоў чалавека, калі гэта было выгадна нацыянальным інтарэсам ЗША. Яскравы прыклад тут – падтрыманне ЗША жорсткіх антыкамуністычных дыктатураў у Лацінскай Амерыцы.

Гэнры Кісінджэр. Крыніца: commons.wikimedia.org

Прынцыпы працы Кісінджэра добра прасочваюцца і ў цяперашняй дзейнасці Рэспубліканскай партыі ЗША.

«Ён заўсёды заставаўся прыхільнікам гэтак званай рэальнай палітыкі, заўсёды зыходзіў з таго, што трэба дзеяць згодна з рэальнай сітуацыяй, а не так, як хацелася б. Цалкам у духу Дэмакратычнай партыі і не ў духу Гэнры Кісінджэра, напрыклад, выбудоўваць стасункі з Офісам Ціханоўскай», – кажа амерыканістка Аляксандра Філіпенка.

Тэрмін «рэальпалітык» добра знаёмы беларусам. Адчувальныя санкцыі пачалі ўводзіць супраць рэжыму Лукашэнкі толькі пасля фальсіфікацыі выбараў і рэпрэсіяў 2020-га года. Да гэтага ж у адказ на парушэнні правоў чалавека ў нашай краіне бальшыня заходнік палітыкаў абмяжоўвалася выказваннем заклапочанасці. Ды працягвала актыўна гандляваць з рэжымам.

«Вельмі доўга Беларусь разглядалася, канешне, як расейская вотчына, уласна кажучы. Гэта абсалютна адпавядала расейскай карціне свету і цяпер адпавядае. Такім чынам, канешне, вось гэтыя падыходы рэальпалітык, што размаўляць можна з усімі – гэта і прывяло ўсходнюю Еўропу да таго стану, у якім мы зараз знаходзімся», – упэўнены кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

Пасля сыходу з ураду Кісінджэр заснаваў у Нью-Ёрку кансалтынгавую фірму, уваходзіў у рады дырэктараў розных карпарацыяў, выступаў на форумах пра палітыку і бяспеку, пісаў кнігі і каментаваў міжнародныя падзеі.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»