Чаго чакаць беларусам у снежні?


Фантомны боль рэштак гэтак званай сацыяльнай дзяржавы. Калі вы беларускі пенсіянер, то ў снежні атрымаеце павышаную на 5 % пенсію. У сярэднім – прыблізна плюс 30 беларускіх рублёў. Датычыць гэта выплатаў паводле ўзросту, за выслугу гадоў, паводле інваліднасці і з нагоды страты карміцеля. Гэта ўжо трэці раз сёлета: раней вы маглі адчуць павышэнне пенсіяў у жніўні і сакавіку. Ці ўсё ж не маглі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Эканаміст Аляксей Харкевіч кажа:

«Інфляцыя ўвесь год ішла хуткімі тэмпамі, апярэджвала тэмп росту пенсій. Ён дасягаў на прадукты харчавання больш за 18%. Такім чынам, рэальны памер пенсіі быў меншы. Адпаведна на працягу 9 месяцаў запар нашыя пенсіянеры зараблялі менш, чым у мінулым годзе».

І толькі на працягу апошніх двух месяцаў інфляцыя запаволілася. Аднак рынкавыя фактары, упэўнены эканаміст, тут ні пры чым: дзяржава, як і ў выпадку з замарожваннем коштаў, зноў займаецца ручным кіраваннем:

«Увогуле беларускі рэжым паставіў сабе мэту, якую, я ўпэўнены, ён такім чынам даб’ецца, – сфармаваць станоўчую карцінку на 31 снежня 2022 года».

А можа, вы той, хто з нейкіх прычынаў пакуль ні сабе на пенсію не зарабляе, ні ў пенсійны фонд адлічэнняў не плоціць? То бок, паводле логікі рэжыму, дармаед. Звярніце ўвагу: са снежня вы будзеце лічыцца не занятым у эканоміцы, калі працуеце або надаяце паслугі паводле грамадзянска-прававых дамоваў, ствараеце інтэлектуальную ўласнасць, але не атрымліваеце за тое

ўзнагароджання. Паводле эканаміста Алеся Чайчыца:

«Яны бяруцца за гэта таму што сітуацыя ў эканоміцы робіцца горшай. Таму што ў дзяржаўным бюджэце менш грошай, іх трэба аднекуль браць, а адкуль іх браць як не ў насельніцтва. Хоць бы якімі спосабамі, у тым ліку – спрабуючы ахапіць тых, хто неяк не пад парасонам, не на радары. Людзі будуць збягаць, людзі будуць зʼязджаць. Праца ад гэтага не зʼявіцца».

Дый тое не ўсё. Аказваецца, калі вы мужчына і даглядаеце малалетняе дзіця, то гэта не праца. Са снежня дармаедамі ў разуменні беларускіх чыноўнікаў будуць лічыцца ў тым ліку таты, якія выхоўваюць дзіця да сямі гадоў. Эканаміст дадае:

«Рэдкі выпадак гендарнай дыскрымінацыі, якая скіраваная супраць мужчынаў у дадзеным выпадку. Які вынік гэтага будзе? Ну што, людзі зноў жа будуць спрабаваць пазбегнуць гэтай эканамічнай сістэмы. У плане ж падтрымання сямейных каштоўнасцяў гэта дакладна не дапаможа».

Яшчэ ў апошнім месяцы 2022-га года вы здолееце злётаць самалётамі «Белавіі» з Менску ў Дубай (за квіток туды і назад заплаціце прыблізна тысячу сто беларускіх рублёў пры сярэдняй пенсіі 670). Зможаце пракаціцца ў перадсвяточны перыяд дадатковымі цягнікамі Беларускай чыгункі, набыць цыгарэты, што зноў даражэюць, і скарыстацца крыху патаннелымі крэдытамі.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»