Акружны суд Варшавы. Сёння тут разглядаюць справу аб экстрадыцыі Макарыя Малахоўскага. На пачатку верасня беларуса затрымалі ў польскім горадзе Пясэчно на запыт афіцыйнага Менску ў Інтэрпол.
Для беларускага рэжыму Макарый Малахоўскі – вораг. Нібыта здзейсніў наезд на двух супрацоўнікаў ДАІ, не захацеў выходзіць з уласнага аўта, нават пасля таго, як яго разам з дзяўчынай Юліяй спрабавалі вытруціць невядомай сумессю з балончыка. За гэта на мужчыну завялі крымінальную справу паводле трыста шэсцьдзясят чацвёртага крымінальнага артыкулу – ґвалт або пагроза ґвалту ў дачыненні супрацоўніка міліцыі. Але, што цікава – у міжнародным вышуку фігураваў іншы артыкул – трыста шэсцьдзесят трэці – «супраціў».
Колькі гадоў турмы пагражае Макарыю Малахоўскаму на радзіме, цяпер падлічыць цяжка. Справа закінутая, ёй не займаецца нават адвакат, бо няма сэнсу, кажа Макарыю. Вяртацца ў Беларусь для яго роўна смерці – сістэма абараняе сваіх служкаў і жорстка абыходзіцца з тымі, хто нібыта пасягнуў на іхны супакой.
«Гэта мой малады чалавек, таму мы тут. Паша – сябар сям‘і і мой стрыечны брат, таму мы тут», – кажа дзяўчына Макарыя Малахоўскага Юлія Лук‘янюк.
«Мы не маглі не прыйсці, не падтрымаць яго ў гэты дзень. Ведаем, што адбываецца ў Беларусі, і спадзяёмся, што, вядома ж, яго не выдадуць, што ўсё будзе добра, што ўсё атрымаецца ў будучыні, не толькі ў яго, а ва ўсёй нашай велізарнай нацыі», – кажа сябар Юліі і Макарыя Павел Скарынка.
Званок кажа – судовы перапынак скончаны. Слова суддзі.
«Беларусь, паводле міжнароднага права, гэта краіна без прэзідэнта, без улады», – казаў суддзя Акружнога суда Варшавы Дар’юш Лубоўскі.
Лукашэнка – нелегітымны прэзідэнт, а ў краіне пануе беззаконне, адзначыў суддзя. Макарый Малахоўскі застаецца ў Польшчы. Тыдзень таму яго выдалілі з базы Інтэрполу.
«Я быў упэўнены, што мяне не выдадуць. Бо, па сутнасці, няма каму выдаваць. Як сказаў суддзя, насамрэч, па сутнасці, няма судоў, няма прэзідэнта ў краіне, наўпрост краіну захапілі», – адзначыў Макарый Малахоўскі.
Польшчы Макарый пакідаць не плануе. Цяпер робіць адмысловыя дакументы, каб застацца тут. Краіну ён называе сваёй другой радзімай.
Надзея Бельская, «Белсат»