Якія змены чакаюць беларусаў з 1 верасня?


З верасня ў Беларусі зноў змены. Гэтак, на сем рублёў вырасце памер базавай стаўкі. Яна складзе 235 рублёў. Адпаведную пастанову прыняў Савет Міністраў. Гэта паўплывае на аклады работнікаў бюджэтнай сферы. І такое павышэнне – другое за год, у студзені базавая стаўка падрасла на 16 рублёў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Урад Лукашэнкі выкарыстоўвае індэксацыю хутчэй як спосаб крыху раздаць грошай насельніцтву. Яны спрабуюць у чарговы раз прадаць стабільнасць ад Лукашэнкі. Перад так званымі выбарамі ў так званы парламент зноў пачуем пра 500 і гэтак далей – усё тое, што мы раней неаднаразова праходзілі», – расказаў навуковы працаўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Алег Мазоль.

Дадаткова павялічаць заробкі настаўнікам: памер надбаўкі складзе 21 адсотак ад акладу. Таксама прадугледзелі павышэнне на 100 адсоткаў базавай стаўкі за класнае кіраўніцтва, куратарам вучэбных групаў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі дзённай формы навучання. Куратары выпускных курсаў атрымаюць 50 адсоткаў базавай стаўкі.

«Зараз кошты ў Беларусі – на ўзроўні еўрапейскіх, а вось заробкі, калі іх пераводзіць напрыклад у еўра, не перавышаюць 300-400 еўра. Гэта ўжо вельмі добры заробак для школы, які большы за 1000 рублёў. Таму я лічу, што такая аплата не дастатковая. Нармальна жыць за такія грошы немагчыма», – заявіла настаўніца, блогерка «Рудабельскай паказухі» Вольга Павук.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Настаўнік у школе. Фота «Белсат»

Яшчэ адно новаўвядзенне ў школах – уніформа для працаўнікоў сталовак. Распрацоўваў яе канцэрн «Беллёгпрам» супольна з Цэнтрам моды. Прыкладна ў палове сталічных школаў зменіцца і сістэма харчавання: час прыёму будзе больш позні, а ў меню з’явяцца стравы з улікам смакавых пераваг навучэнцаў. У Міністэрстве адукацыі ўпэўненыя, што гэта дазволіць больш рацыянальна траціць сродкі бацькоў.

«Асноўная праблема не ў тым, у які час дзеці ядуць, а што яны ядуць. Калі ежа смачная, то сапраўды няма праблемаў, каб дзеці паелі свой сняданак а 10 раніцы. Паглядзім, як яно будзе на практыцы», – дадала Вольга Павук.

Не забыліся і пра пенсіянераў. З першым днём восені ў сярэднім на 5 адсоткаў павышаюцца ўсе віды працоўных пенсіяў – паводле ўзросту, інваліднасці, за выслугу гадоў і пры страце кармільца. Сярэдні памер пенсіі паводле ўзросту для непрацоўнага пенсіянера складзе 737 рублёў, што на 15 адсоткаў вышэй у параўнанні да верасня 2022-га года. Атрымліваюць такія пенсіі больш за два мільёны 300 тысячаў чалавек.

«Калі паглядзець на сярэднюю пенсію па ўзросце, якая за люты-красавік склала 670 рублёў, то 15-ці адсоткавае падвышэнне па выніках года складзе каля 80-100 рублёў. Для пенсіянераў гэта дастаткова важкі дадатак да пенсіі напярэдадні так званых выбараў», – заявіў Алег Мазоль.

А вось курцам давядзецца плаціць болей за тытунёвыя вырабы. Прынамсі кошты падрастуць адразу на 109 марак цыгарэтаў – ад 5-ці да 30-ці капеек у залежнасці ад маркі і вытворцы.

Андрэй Сульжыц «Белсат»